Павел Латушка падзякаваў Літве за ініцыяванне расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў МКС
2026-04-01
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падчас размовы з міністрам унутраных спраў Літвы Уладзіславам Кандратовічам у межах 50-й сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы падзякаваў Літве за прынцыповую пазіцыю ў пытаннях прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.
Намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў, што менавіта дзякуючы прынцыповай пазіцыі Літвы Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда пачаў расследаванне беларускай сітуацыі ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца Лукашэнкам і яго хаўруснікамі.
Падчас размовы Павел Латушка адзначыў, што на сваіх сустрэчах як прадстаўнік Кабінета і як дэлегат Каардынацыйнай Рады пастаянна ставіць пытанне пра важнасць дадзенай працы і падкрэслівае лідарскую ролю Літвы ў гэтым працэсе, а таксама адвакатуе неабходнасць далучэння іншых дзяржаў да расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.
Падчас знаходжання ў Страсбургу Павел Латушка праводзіць кансультацыі з кіраўнікамі дыпмісій і ў сакратарыяце Рады Еўропы па кірунках, звязаных з прыцягненнем да адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць беларускага народа, агрэсіі супраць Украіны і ваеннымі злачынствамі, звязанымі з незаконным вывазам украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і далейшай іх індактрынацыяй у ідэях «рускага свету».
@CabinetBelarus



