Зазулінская — пра ануляванне пашпартоў дэпартаваных былых палітвязняў: Гэта працяг рэпрэсій толькі ў іншай форме і за межамі Беларусі
2026-03-30
Прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская і дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў пракаментавалі інфармацыю пра ануляванне пашпартоў палітвязняў, якіх пасля вызвалення дэпартавалі з Беларусі.«Сёння стала вядома, што ў былых палітвязняў, якіх пасля вызвалення выдварылі з Беларусі, анулююцца пашпарты. Па наяўнай інфармацыі, усе, хто ўжо праверыў свой статус, бачаць, што іх дакументы прызнаныя несапраўднымі. Гэта яшчэ раз паказвае: гаворка не пра «гуманнасць» або «жэсты добрай волі», якія спрабуе дэманстраваць рэжым Лукашэнкі. Гэта працяг рэпрэсій — проста ў іншай форме і ўжо за межамі краіны», — пакрэсліла Вольга Зазулінская.
Яна адзначыла, што «людзей спачатку незаконна пазбаўляюць волі, потым прымусова вывозяць з краіны, а цяпер фактычна пазбаўляюць дакументаў»: «У многіх вызваленых пашпартоў не было з самага пачатку, а цяпер мы бачым, што нават тыя, у каго яны былі, іх страчваюць».«Гэта не нармальна. Гэта свядомая практыка ціску на людзей, якія ўжо прайшлі праз турму», — перакананая палітык.
Яна пералічыла наступствы гэтага рашэння рэжыму Лукашэнкі: «праблемы з легалізацыяй, доступам да працы, жылля і базавых паслуг, а таксама неабходнасць тэрмінова атрымліваць альтэрнатыўныя праязныя дакументы»: «Без іх людзі абмежаваныя ў перамяшчэнні, асабліва пры выездзе за межы ЕС, і фактычна становяцца ўразлівымі з прававога пункту гледжання».«Гэтае пытанне ўжо абмяркоўваецца і будзе паднімацца, у тым ліку з амерыканскім бокам, а таксама з уладамі Літвы і Польшчы. Неабходна тэрмінова выпрацоўваць рашэнні па выдачы альтэрнатыўных дакументаў, каб людзі не заставаліся ў прававым вакууме. Людзі, якія перажылі рэпрэсіі, не павінны сутыкацца з іх працягам ужо ў выгнанні», — заключыла яна.
«Прызнанне пашпартоў несапраўднымі нават пры дзеючым тэрміне іх дзеяння фактычна пазбаўляе гэтыя дакументы юрыдычнай сілы. У выніку людзі вымушаныя апірацца не на нацыянальныя дакументы, а на рашэнні дзяржаў, якія іх прымаюць, і працэдуры выдачы альтэрнатыўных праязных дакументаў для пацвярджэння сваёй асобы і прававога статусу», — патлумачыў сітуацыю Леанід Марозаў.
@CabinetBelarus



