Павел Баркоўскі: Беларуская ідэнтычнасць пад акупацыйным ціскам і тры кірункі супраціву
2026-03-28
На рэгіянальным форуме па бяспецы «Шлях да волі» ў Кіеве прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі акрэсліў пагрозы беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, правёў паралелі з акупаванымі тэрыторыямі Украіны і прапанаваў кірункі супрацоўніцтва паміж беларусамі і ўкраінцамі.
Цана падтрымкі Украіны
Баркоўскі нагадаў пра ахвяры, якіх каштавала беларусам публічная пазіцыя супраць расійскай агрэсіі. Тысячы грамадзян у 2022 годзе выйшлі на вуліцы, каб асудзіць вайну, шмат хто пакінуў краіну.«Сёння расплачваюцца сотні людзей: сядзяць у турмах, з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі, менавіта за падтрымку Украіны», — падкрэсліў Павел Баркоўскі.
Расійская агрэсія стала штуршком да разбурэння беларускай незалежнай інфармацыйнай прасторы ва Украіне, знішчэння грамадзянскай супольнасці і шматлікіх праектаў, якія аб'ядноўвалі незалежных беларусаў.
Акупацыйная логіка Масквы і Мінска«Вы бачылі, што на акупаваных тэрыторыях Украіны — што першым робіць расійская адміністрацыя? Яна знішчае ўказальнікі на ўкраінскай мове, замяняе падручнікі ў школах, знішчае ўсякія нагадванні пра незалежную Украіну і ставіць Леніных. Але тое ж самае адбываецца і ў Беларусі», — заявіў Баркоўскі.
Беларускія ўлады праводзяць, па сутнасці, акупацыйную палітыку ўнутры краіны: пад крымінальным пераследам апынуліся выдаўцы беларускамоўных кніг, арганізатары канцэртаў і літаратурных сустрэч.«У Беларусі пяць рускіх дамоў — пяць кропак гібрыднай атакі на беларускую ідэнтычнасць і культуру». Мэта адна: «зрабіць з беларусаў і ўкраінцаў рускіх», якія будуць выкарыстоўвацца на карысць імперыі.
Тры кірункі адказу
Першы — дыялог з Украінай і суседзямі без расійскіх «каланіяльных наратываў». Дзесяцігоддзямі народы рэгіёну глядзелі адно на аднаго праз «маскоўскія акуляры». Важна сумесна выпрацоўваць палітыку памяці супраць прарасійскай версіі гісторыі:«Яны казалі нам: вы маленькія нецікавыя нацыі, у вас няма нармальнай культуры і гісторыі — толькі капіраваць вялікую рускую. І гэта тое, што мы павінны пераадольваць».
Другі — агульны інфармацыйны супраціў: беларусы, украінцы і краіны Балтыі мусяць каардынаваць высілкі.«Беларускія незалежныя СМІ змаглі выстаяць у такіх умовах, у якіх іншыя ўжо даўно зламаліся і знікнулі. У нас гэта ўсё яшчэ ёсць».
Трэці — сумесныя культурныя і даследчыя праекты. «Беларусам ёсць пра што расказаць, хто яны такія на самай справе. Без гэтага будзе заўсёды месца толькі для стэрэатыпаў».
«Будаваць рэсурс ужо сёння»
Адказваючы на крытыку АПК — навошта працаваць, калі рэжым не змяняецца, — Баркоўскі сфармуляваў стратэгічную логіку:«Наша задача ўжо сёння — будаваць рэсурс узаемнай падтрымкі, дыялогу і супрацоўніцтва».
Гэты рэсурс дазволіць будучай дэмакратычнай Беларусі стаць паўнавартасным партнёрам суседзям — у бяспецы, эканоміцы і культурнай прасторы.
@CabinetBelarus





