Ворыхава ў Кіеве: «Беларусы прыносяць каштоўны чалавечы капітал, які можа падтрымаць Украіну»
2026-03-26
На канферэнцыі «Шлях да свабоды» прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава гаварыла пра тое, колькі беларусы ўжо гатовы даць — і якія сістэмныя перашкоды не даюць ім гэта зрабіць.
Па яе словах, салідарнасці ўжо недастаткова. Рэальнае супрацоўніцтва — гэта калі ёсць магчымасць жыць, працаваць, вучыцца і рабіць агульны ўнёсак.«Многія беларусы сёння прыносяць каштоўны вопыт, веды і чалавечы капітал, якія могуць падтрымаць шлях Украіны наперад, але яны сутыкаюцца са значнымі перашкодамі ў легалізацыі і інтэграцыі», — сказала Маргарыта Ворыхава.
Перш за ўсё яна мела на ўвазе беларускіх дабраахвотнікаў і ветэранаў, якія змагаліся за Украіну. Людзі, якія стаялі на перадавой, зараз нярэдка не могуць нармальна аформіць дакументы і пабудаваць нармальнае жыццё.«Мы павінны знайсці практычныя спосабы дапамагчы ім атрымаць дакументы, атрымаць адукацыю і пабудаваць стабільнае жыццё тут», — заявіла яна.
Тое ж самае, на яе думку, тычыцца маладых беларусаў, якія бачаць ва Украіне месца свабоды і надзеі, але не разумеюць, як туды ўпісацца. Шляху далучэння для іх пакуль няма — і гэта праблема, якую трэба вырашаць.
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы назвала саму канферэнцыю праявай палітычнай волі, якой даўно чакалі.«Гэтая канферэнцыя стала сапраўдным праяўленнем палітычнай волі нарэшце працаваць разам — і мы ёю скарыстаемся», — сказала яна, дадаўшы, што Кабінет зробіць усё магчымае, каб дапамагчы беларусам і падтрымаць украінцаў.
Заканчваючы сваё выступленне, яна звярнулася да таго, чым абедзве краіны аб'яднаны глыбей за любыя дамовы:«Воля — гэта жыццёвая барацьба, якая вызначаецца мужнасцю, стойкасцю і гатоўнасцю заплаціць высокі кошт за годнасць і самавызначэнне. Абедзве нашы краіны ведаюць, што кошт волі велізарны: страчаныя жыцці, разбураная будучыня, пакінутыя дамы. Тым не менш, гэтая самая ахвяра нагадвае нам, чаму мы павінны працягваць».
@CabinetBelarus




