Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Наш гістарычны час і наш абавязак

2026-03-25

Сёння мы адзначаем Дзень Волі — 108-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 года нашы гераічныя продкі ўпершыню ўзнялі сцяг вольнай Беларускай дзяржавы. Гэта дзень, калі на мапе свету з’явілася воля беларускага народа. Дзень, калі нашы продкі заявілі: Беларусь ёсць, яна незалежная і яна вольная.

Ідэі БНР — незалежнасць, дэмакратыя і нацыянальнае адраджэнне — застаюцца актуальнымі як ніколі. Сёння беларусы зноў гераічна змагаюцца за права жыць годна на сваёй роднай зямлі.

Нашы продкі паднялі над Беларуссю бел-чырвона-белы сцяг незалежнай дзяржавы ў часы вялікіх узрушэнняў. Перад нашым пакаленнем сёння стаіць не менш маштабная і адказная задача — давесці гэтую справу да канца. Цяпер менавіта наш час вырашаць, якой будзе будучыня нашай краіны.

Мы жывем у эпоху вялікага гістарычнага іспыту. І калі гісторыя ставіць нас перад выбарам паміж тым, што лёгка, і тым, што правільна — мы абіраем другое. Мы абіраем гонар замест пакорлівасці. Мы абіраем праўду замест прапаганды. Мы абіраем Беларусь. Вольную. Дэмакратычную. Незалежную.

Справа БНР — гэта не толькі гісторыя, яна жыве тут і цяпер: у мужнасці нашых дабраахвотнікаў на фронце ва Украіне, у непахіснасці беларускіх палітвязняў, якія ў цёмных камерах застаюцца больш вольнымі, чым іх каты, у штодзённай працы мільёнаў беларусаў па ўсім свеце, якія захоўваюць нашую мову, культуру і веру ў перамогу.

Краіна адраджаецца дзякуючы героям. І пакуль у нацыі ёсць тыя, хто гатовы змагацца і ахвяраваць, гэтая нацыя мае будучыню. У Беларусі ёсць героі. У Беларусі — мільёны сыноў і дачок, якія не засталіся абыякавымі да лёсу Радзімы, каму за яе баліць і хто гатовы за яе змагацца.

Я мару. Я веру: мы зробім сваю справу. Наша Беларусь будзе жыць вечна! Вольная. Дэмакратычная. Незалежная.

Са святам Дня Волі!

Жыве Беларусь! І будзе жыць вечна!


На відэа: архіўныя кадры святкавання Дня Волі ў Варшаве, 2025 год.

Main carousel image