Тактычная медыцына для беларусаў: першы крок да рэгулярных трэніровак
2026-03-22
Па ініцыятыве прадстаўніка па абароне Вадзіма Кабанчука і прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай Рух «Каліноўцы» правёў у Варшаве першы курс па тактычнай медыцыне для беларусаў.
У занятках удзельнічалі кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, валанцёры розных ініцыятыў і былыя палітвязні.
Трэнінг праходзіў паводле пратакола TCCC — стандарта тактычнай дапамогі параненым — і ўключаў базавы алгарытм MARCH, які дапамагае дзейнічаць у правільнай паслядоўнасці ў першыя хвіліны. Удзельнікі адпрацоўвалі спыненне масіўных крывацёкаў, накладанне турнікетаў і дапамогу параненым — у парах і на сабе.
Арганізатары падкрэсліваюць: навыкі першай дапамогі і тактычнай медыцыны сёння не дадатковыя, а сапраўды неабходныя. У сітуацыі пагрозы выратаванне жыцця вельмі часта залежыць ад першай хвіліны — ад таго, хто апынуўся побач, не разгубіўся і здолеў правільна ацаніць сітуацыю да прыбыцця медыкаў.
Разам з тым такія навыкі карысныя і ў звычайным жыцці — дома, на вуліцы, на працы. Уменне спыніць крывацёк і дапамагчы пацярпеламу — гэта базавая чалавечая адказнасць і важная частка культуры ўзаемнай падтрымкі.
Мэта — зрабіць падобныя мерапрыемствы рэгулярнымі і даступнымі для беларусаў незалежна ад узроўню медыцынскай падрыхтоўкі.
@CabinetBelarus



