Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Апроч дэпартаваных у Літву 15 палітвязняў лёс астатніх са спіса вызваленых пакуль невядомы — Зазулінская

2026-03-20

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольга Зазулінская расказала аб сітуацыі з 235 вязнямі са спіса вызваленых 19 сакавіка і заклікала грамадскасць «набрацца цярпення». Таксама яна распавяла пра тое, што адбываецца з 15 вывезенымі ў Літву былымі палітзняволенымі.

«Учора, 19 сакавіка, 15 былых палітзняволеных былі вызвалены з турмаў з Беларусі і вывезены ў Літву без дакументаў, фактычна дэпартаваны. Сёння працягваем займацца іх патрэбамі, запускаем адпаведныя працэдуры, звязаныя з іх здароўем, размяшчэннем, легалізацыяй. Усё адбываецца ў штатным рэжыме. Адзінае, што людзі вельмі стомленыя і дарогай, і ўвогуле перажытым, і пакуль не гатовыя да далейшых публічных кантактаў, перш за ўсё са СМІ. Спадзяюся, ўчора трохі інфармацыйную смагу былі наталілі, і вельмі спадзяюся на разуменне з боку прадстаўнікоў СМІ. Людзям трэба даць адпачыць і прыйсці ў сябе», — расказала Вольга Зазулінская.

«Сітуацыя з астатнімі 235 палітвязнямі пакуль не развіваецца. У праваабаронцаў да гэтага моманту няма ніводнага пацвярджэння, каб хоць нехта ўжо быў дома з асобаў са спіскаў, якія ўчора распаўсюджваліся ў сеціве. Больш за тое, саміх дакладных спіскаў вызваленых у нашым распараджэнні пакуль няма. Я разумею агульную вялізную цікаўнасць да гэтага пытання. Асабліва разумею перажыванні сем'яў, якія яшчэ не дачакаліся дома тых, пра каго ўчора паведамлялася як пра вызваленых. Але трэба набрацца цярпення і дачакацца развязання гэтай сітуацыі. Тут усё залежыць не ад нас», — адзначыла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы.

Вольга Зазулінская заклікала сачыць за інфармацыяй на каналах праваабарончых арганізацый DissidentBY @dissidentBY і «Вясна» @viasna96.

@CabinetBelarus

Main carousel image