Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

У Бруселі прайшло пасяджэнне Кансультатыўнай групы ЕС з беларускімі дэмакратычнымі сіламі

2026-03-06

6 сакавіка ў Бруселі прайшло пасяджэнне «Кансультатыўнай групы з удзелам дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі» — афіцыйны дыялог паміж беларускай супольнасцю і структурамі Еўрапейскага Саюза. 

Сярод удзельнікаў з беларускага богу — прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады і грамадзянскай супольнасці.

Сабралі тэмы, якія прагучалі на сустрэчы.

ЕС — ключавы партнёр

Кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская падзякавала Еўрапейскай камісіі і партнёрам за паслядоўную падтрымку Беларусі. Яна адзначыла, што за апошні год ЕС разам з беларускімі партнёрамі запусціў новыя механізмы падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў, дапамог вызваленым палітзняволеным, а таксама ўзмацніў падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

«Мы бачым ЕС як нашага ключавога саюзніка, партнёра і арыенцір. І спадзяюся, што ЕС таксама бачыць Беларусь не толькі як пагрозу, але і як магчымасць», — заявіла палітык.
Доўгатэрміновая стратэгія АПК

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка прадставіў доўгатэрміновую стратэгію Кабінета, якая складаецца з трох галоўных элементаў:

– Развіццё сістэмы палітычных інстытутаў.
– Эфектыўны ціск на рэжым з мэтай змены яго палітыкі.
– Рэалізацыя канцэпцыі Круглага стала.

«Сёння беспакаранасць — гэта галоўны драйвер злачынстваў Лукашэнкі. Адсутнасць наступстваў дазваляе дыктатару бесперашкодна працягваць рэпрэсіі», — заявіў Павел Латушка.
Прымусовы вываз людзей за межы Беларусі як новая форма ціску

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольга Зазулінская адзначыла, што з апошняга пасяджэння кансультатыўнай групы ў чэрвені 2025 года сітуацыя не палепшылася.

Рэжым пачаў практыкаваць новую форму ціску — так званыя «памілаванні», якія на практыцы азначаюць прымусовы вываз людзей за межы Беларусі.

Праблемы з дакументамі ў беларусаў у ЕС

Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Уладзімір Астапенка адзначыў, што больш за мільён беларусаў атрымалі від на жыхарства ў ЕС — і ўсе яны маюць праблемы з дакументамі.

«Пытанні, звязаныя з дакументамі, легалізацыяй і доступам да адміністрацыйных паслуг, могуць і павінны разглядацца як адміністрацыйная праблема ўнутры ЕС», — заявіў прадстаўнік АПК.

У рабоце Кансультатыўнай групы з беларускага боку таксама ўдзельнічалі Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Таццяна Хоміч, прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан і Лізавета Пракопчык, журналісты, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У тым ліку платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека Таццяна Нядбай, прадстаўніца Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (Беларуская нацыянальная платформа) Эллада Хукасова, міжнародная сакратарка Беларускай нацыянальнай моладзевай рады «РАДА» Юлія Ралько.

Акрамя самога пасяджэння Кансультацыйнай групы ў Святланы Ціханоўскай прайшлі сустрэчы на палях: з выканаўчым віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі па пытаннях згуртаванасці і рэформаў Рафаэле Фітам, еўрадэпутаткай Евай Майдэл, Еўракамісарам па абароне і касмічнай сферы Андрусам Кубілюсам.


@CabinetBelarus

Main carousel image