Астапенка на кансультатыўнай групе Беларусь–ЕС: больш за мільён беларусаў атрымалі від на жыхарства ў ЕС — і ўсе яны маюць праблемы з дакументамі
2026-03-06
Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Уладзімір Астапенка выступіў на пасяджэнні кансультатыўнай групы «Беларусь–ЕС» у Бруселі 6 сакавіка. У сваім выступленні ён засяродзіўся на праблемах мабільнасці і легалізацыі беларусаў у выгнанні і прадставіў практычныя прапановы па іх вырашэнні.
Транснацыянальны пераслед і праблема дакументаў
Уладзімір Астапенка адзначыў, што праблема мабільнасці мае асаблівы вымер для беларусаў, вымушаных пакінуць краіну з-за рэпрэсій. Яны не толькі апынуліся ў выгнанні, але і па-ранейшаму застаюцца аб'ектамі транснацыянальнага пераследу за мяжой: судовыя працэсы завочна, канфіскацыя маёмасці, ціск на членаў сям'і.
Асобна ён вылучыў дэкрэт рэжыму, які пазбаўляе грамадзян Беларусі кансульскай падтрымкі і магчымасці прадоўжыць асабістыя дакументы.
Паводле даных Еўрастата, з 2020 года больш за 1 мільён грамадзян Беларусі атрымалі першы від на жыхарства ў Еўрапейскім Саюзе.«Гэта азначае, што пытанні, звязаныя з дакументамі, легалізацыяй і доступам да адміністрацыйных паслуг, могуць і павінны разглядацца як адміністрацыйная праблема ўнутры ЕС», — заявіў прадстаўнік АПК.
Па яго словах, гэтая праблема закранае значную колькасць законна пражываючых беларусаў, якія не могуць аднавіць свае дакументы па не залежных ад іх абставінах.
Люксембургскія рашэнні
Прадстаўнік АПК заклікаў да сістэмных адміністрацыйных рашэнняў на ўзроўні ЕС, якія б абагульнілі лепшыя практыкі і гарманізавалі нацыянальныя падыходы. У гэтым кантэксце ён спаслаўся на даклад Савета Еўропы — так званыя Люксембургскія рашэнні — як на каштоўную крыніцу практычных рэкамендацый для вырашэння асаблівых патрэбаў беларусаў у выгнанні.
Працяг аналізу і наступныя крокі
У заключэнне прадстаўнік па міжнародным супрацоўніцтве паведаміў, што АПК працягвае аналіз канкрэтных праблем, з якімі беларусы ў выгнанні сутыкаюцца ў розных краінах у межах працэдур легалізацыі. Ён выказаў спадзяванне, што на наступным пасяджэнні Кансультатыўнай групы ўдасца больш падрабязна разгледзець практычныя рэкамендацыі і працягнуць канструктыўны дыялог з DG Home і зацікаўленымі дзяржавамі-членамі.
Выступленне прайшло ў межах секцыі па правах чалавека, палітычных зняволеных і падсправаздачнасці, дзе таксама выступілі прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алег Паскевіч, дырэктар Беларускага дому правоў чалавека Таня Нядбай і прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.
@CabinetBelarus



