Адзіны падыход па пытанні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі
2026-03-04
Перад чарговым пасяджэннем кансультатыўнай групы «Беларусь-ЕС» НАУ, Belpol і «Рабочы рух» узгаднілі агульную пазіцыю па пытанні санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Па прапанове намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Паўла Латушкі адбылася сустрэча прадстаўнікоў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, арганізацый Belpol і «Рабочы рух».
Удзельнікі ўзгаднілі агульную пазіцыю аб неабходнасці ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з тым, што рэжым не спыняе ўнутраныя рэпрэсіі і працягвае падтрымліваць агрэсію супраць Украіны, а таксама праводзіць гібрыдную агрэсію супраць ЕС.
Абмеркаваныя і ўзгодненыя рэкамендацыі, якія будуць перададзены прадстаўнікам ЕС для дасягнення большай эфектыўнасці еўрапейскіх санкцый, новыя напрамкі і сферы іх узмацнення. Асобна прааналізаваная праблематыка супрацьдзеяння абыходу існуючых абмежаванняў. У цэлым сустрэчы НАУ, Belpol і аб’яднання «Рабочы рух» носяць рэгулярны характар.
Па выніках дадзенай сустрэчы ўдзельнікамі дасягнута дамоўленасць па агульнай пазіцыі, якую Павел Латушка агучыць на пасяджэнні кансультатыўнай групы «Беларусь-ЕС».
Пасяджэнне Кансультатыўнай групы запланавана ў Бруселі на 6 сакавіка 2026 года. Падчас пасяджэння плануецца абмеркаванне з удзелам прадстаўнікоў дэпартаментаў Еўракамісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, у тым ліку пытанняў санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра і выдання «Бюро Медыя», якія праінфармавалі пра актуальныя праблемы выканання санкцыйных рашэнняў ЕС.
@CabinetBelarus



