Павел Латушка: Інвеставаць трэба ў грамадства, а не ў Лукашэнку. Размаўляць трэба з грамадствам
2026-03-04
«Прынамсі 5 разоў ЕС і ЗША спрабавалі дамовіцца з Лукашэнкам. Што мы маем на сённяшні дзень? Мы маем у Беларусі самыя маштабныя ў Еўропе рэпрэсіі, больш за 600 тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну, тысячы палітвязняў, шмат забітых, а катаванні сталі штодзённасцю ў нашай краіне», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка на XI Еўрапейскім кангрэсе мясцовага самакіравання, які праходзіў 2-3 сакавіка ў Мікалайках падчас дыскусійнай панэлі «Еўропа супраць Расіі: якой будзе будучыня?».
У дыскусіі таксама ўзялі ўдзел: Марэк Дукачэўскі — генерал Войска Польскага, былы намеснік кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы; Енджэй Яхіра — адвакат, ганаровы консул Чылі ва Уроцлаве; Артур Якубчык — генерал Войска Польскага; Аліўе Ведрын — французскі прафесар, член праўлення Асацыяцыі імя Жана Манэ.«Нашы еўрапейскія суседзі павінны вызначыцца: якую Беларусь яны хочуць бачыць? Калі Польшчы важна, каб Беларусь была незалежнай і дэмакратычнай — а я перакананы, што гэта так, бо толькі дэмакратычная Беларусь не будзе ствараць пагрозаў для суседзяў — то вы павінны распрацаваць пэўную стратэгію. Якой яна мае быць, слушна сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі: мяжа бяспекі Еўропы павінна праходзіць па ўсходняй мяжы Беларусі.
Інвеставаць у гэта можна рознымі спосабамі, але перш за ўсё цяпер ідзе барацьба за грамадства.
Вельмі важна інвеставаць у інфармацыйную сферу. Каб заўтра на мяжы не стаў расійскі салдат ці, што яшчэ горш, беларус у расійскай форме. Я лічу, што кожная еўрапейская краіна, якая зараз інвестуе ў бяспеку нa мяжы, паступае правільна. Але Еўрапейскі саюз недастаткова інвестуе ў тое, каб беларусы былі прыхільныя да ЕС, у той жа час як Расія актыўна інвестуе ў сотні разоў больш у тое, каб яны былі настроеныя супраць Еўропы.
Інвеставаць трэба ў грамадства, а не ў Лукашэнку. Размаўляць трэба з грамадствам. Зараз эканоміка Лукашэнкі ў вельмі дрэнным стане, ён шукае магчымасцяў для кантактаў з Еўропай, але ён павінен атрымаць адназначны адказ: калі хочаш дамовіцца з Еўропай, спачатку мусіш дамовіцца з беларускім народам — сесці за круглы стол, як гэта было ў Польшчы. Мы павінны прымусіць яго да таго, каб грамадства стала суб’ектам у дзяржаве. Калі грамадства не будзе суб’ектам, то стаўце на Лукашэнку колькі хочаце — ён нічога не гарантуе, ён будзе выконваць загады з Крамля.
Лукашэнка не з’яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, бо ён цалкам прадаў замежную палітыку. У Беларусі больш няма самастойнай ваеннай палітыкі, бо падтрымка агрэсіі супраць Украіны ці арганізацыя гібрыднай вайны супраць Польшчы, Літвы і Латвіі абсалютна не адпавядаюць інтарэсам беларускага народа», — адзначыў Павел Латушка.
Падчас дыскусіі Павел Латушка адзначыў, што беларусы з’яўляюцца еўрапейскім народам, і падкрэсліў важнасць захавання камунікацыі беларусаў з Еўропай: больш віз, адкрыццё памежных пераходаў і больш актыўная рэалізацыя розных праграм падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Таксама ў ходзе свайго выступу Павел Латушка адзначыў важнасць працы па прыцягненні вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя імі злачынствы: акт агрэсіі супраць Украіны, дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. І канкрэтна расказаў, што было зроблена і працягвае рабіцца дзеля гэтай справы Народным антыкрызісным упраўленнем.
@CabinetBelarus




