Прагаласаваць на выбарах у КР можна будзе з пашпартам Новай Беларусі: вынікі пасяджэння Выбарчай камісіі
2026-03-02
Сёння адбылося другое пасяджэнне Выбарчай камісіі Каардынацыйнай Рады. На мерапрыемстве падрабязна разгледзелі тэхнічнае заданне для лічбавай платформы для галасавання. Асаблівую ўвагу надалі пытанню абмежавання доступу чальцоў выбарчай камісіі да персанальнай інфармацыі выбаршчыкаў.
Прынята рашэнне, што прагаласаваць на выбарах можна будзе праз наступныя дакументы:
— Пашпарт грамадзяніна Беларусі (дзейны ці пратэрмінаваны).
— Пашпарт Новай Беларусі.
«Мы ставілі мэтай для сябе абавязкова даць прагаласаваць тым беларусам, якія зараз знаходзяцца без пашпартоў, таму што яны зусім нядаўна былі звольненыя з беларускіх турмаў і дэпартаваныя прымусова, у большасці без дакументаў», — патлумачыла старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька рашэнне аб уключэнні пашпарта Новай Беларусі ў пералік.
Папярэдні графік выбарчай кампаніі:
— 5 сакавіка: Падпісанне трохбаковага Мемарандума аб узаемадзеянні і размежаванні адказнасці.
— 6 сакавіка: Выбарчая камісія афіцыйна абвяшчае сродкі правядзення выбараў і даты галасавання.
— 10–31 сакавіка: Падача дакументаў і рэгістрацыя выбарчых суб’ектаў. У гэты ж перыяд камісія прымае рашэнні аб рэгістрацыі альбо адмове ў ёй.
— 11–17 мая: Галасаванне.
Трансляцыя пасяджэння – па спасылцы.



