Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

1 сакавіка — Дзень нулявой дыскрымінацыі: ЛГБТК+ супольнасць застаецца адной з найбольш дыскрымінаваных груп у Беларусі

2026-03-01

Сёння, 1 сакавіка, адзначаецца Дзень нулявой дыскрымінацыі — міжнародны дзень салідарнасці ў барацьбе з дыскрымінацыяй ва ўсіх яе формах. Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Юлія Міцкевіч прадставіла новы аналітычны дакумент аб становішчы ЛГБТК+ людзей у беларускім заканадаўстве.

Паводле маніторынгу арганізацыі TG House, у 2025 годзе дзяржаўная палітыка ў дачыненні да ЛГБТК+ у Беларусі характарызавалася далейшым узмацненнем рэпрэсіўных мер. Улады прымалі новыя дыскрымінацыйныя нарматыўныя акты, пашыралі механізмы кантролю і абмяжоўвалі бачнасць ЛГБТК+ людзей. Сілавыя структуры ўсё часцей звярталіся да схаваных метадаў ціску: падстаўных спатканняў праз дэйтынг-прыкладанні, «прафілактычных» допытаў, докінгу і ціску на сваякоў. Становішча трансгендарных асоб таксама пагоршылася — дзяржаўныя медычныя ўстановы ўскладнялі і зацягвалі працэдуры юрыдычнага і медыцынскага прызнання гендарнай ідэнтычнасці.

«Наша каманда працуе ў супрацоўніцтве з беларускімі квір-актывіст_камі і праваабарон_іцамі, каб адсочваць змены ў заканадаўстве і даныя па сітуацыі з парушэннем правоў», — адзначыла Юлія Міцкевіч.


Па яе словах, мэта гэтай працы — не толькі дыягностыка праблем, але і пошук практычных рашэнняў: «Мы прапаноўваем новыя інструменты, механізмы і стандарты для рэформы прававой сістэмы Беларусі, накіраваных на інтэграцыю ў яе нормаў у галіне правоў чалавека, недыскрымінацыі і роўнасці для ўсіх, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці».

Менавіта з гэтай мэтай групай непублічных эксперт_ак быў падрыхтаваны аналітычны справаздачны дакумент «Становішча ЛГБТК+ людзей у беларускім заканадаўстве: ключавыя праблемы і напрамкі для змяненняў». «Дзень нулявой дыскрымінацыі — выдатная нагода, каб гэты дакумент прадставіць да разгляду і абмеркавання», — падкрэсліла Міцкевіч.


У перыяд з 1 па 10 сакавіка беларускія НКА і актывісцкія групы, якія працуюць у выгнанні, па ініцыятыве моладзевай арганізацыі «Іншыя» праводзяць Тыдзень нулявой дыскрымінацыі. Мерапрыемствы тыдня накіраваны на тое, каб зрабіць беларускае грамадства больш бяспечным і інклюзіўным для ўсіх.

@CabinetBelarus

Main carousel image