Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Савет ЕС прыняў дадатковыя падставы для прадаўжэння санкцый у дачыненні да ААТ «Беларуськалій»

2026-02-28

Яшчэ летась да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якім кіруе намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, звярнуліся прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў з просьбай умацаваць абгрунтаванні ў дачыненні да шэрагу падсанкцыйных юрыдычных асобаў дадатковымі аргументамі.

Тады еўрапейскім партнёрам была прадстаўлена патрэбная інфармацыя. У прыватнасці, НАУ паведаміла аб тым, што ў санаторый «Дуброва», які належыць кампаніі «Беларуськалій», былі незаконна перамешчаны ўкраінскія дзеці з акупаваных тэрыторый Украіны, дзе яны падвяргаліся ідэалагічнай апрацоўцы. У выніку абгрунтаванне рашэння ЕС аб санкцыях у дачыненні да ААТ «Беларуськалій» было дапоўнена гэтымі фактамі.

Дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў дадзеным пытанні разглядаюцца як ваенныя злачынствы. Раней НАУ былі перададзены дзве камунікацыі ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. На фоне размоў аб магчымым здыманні санкцый з калійных угнаенняў і ААТ «Беларуськалій» ЕС не проста прадоўжыў санкцыі, але і ўзмацніў абгрунтаванне іх прымянення.

Абгрунтаванні былі дапоўнены альбо скарэктаваны таксама ў дачыненні да іншых прадпрыемстваў. У санкцыйны спіс паўторна з абноўленым абгрунтаваннем было ўключана ААТ «Белшына». Раней Суд ЕС зняў з прадпрыемства санкцыі з-за таго, што папярэдняе санкцыйнае рашэнне было аспрэчана прадстаўнікамі ААТ «Белшына» ў судзе. У абгрунтаванні ўвядзення санкцый знайшлі адлюстраванне дадатковыя факты аб тым, што «Белшына» падтрымлівае агрэсію ў выглядзе пастаўкі шын у інтарэсах расійскай арміі, ажыццяўляе гандаль праз пасрэднікаў, падкантрольных Дзмітрыю Лукашэнку, і інш.

Праца па падрыхтоўцы абгрунтаванняў была праведзена ў супрацоўнітве з БРЦ, BelPol і «Бюро».

Вось як рашэнне Савета ЕС пракаментаваў Павел Латушка:
«Рашэнне Савета ЕС аб прадаўжэнні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі пацвярджае паслядоўную пазіцыю нашых еўрапейскіх партнёраў: пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, а падтрымка знешняй агрэсіі не спыняецца, абмежавальныя меры будуць захоўвацца і ўзмацняцца. Абнаўленне абгрунтаванняў, у тым ліку па прадпрыемствах накшталт ААТ "Белшына" і фактах, звязаных з ААТ "Беларуськалій", дэманструе, што санкцыйная палітыка становіцца яшчэ больш юрыдычна выверанай і абапіраецца на дадатковыя доказы. Супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з еўрапейскімі структурамі ўзмацняе міжнародную адказнасць датычных асобаў і арганізацый і павышае верагоднасць далейшых прававых наступстваў на міжнародным узроўні».


У якасці даведкі: Дапоўненыя абгрунтаванні ў дачыненні да асобных прадпрыемстваў, а таксама скарэктаваныя звесткі па шэрагу фізічных асобаў, на якіх былі накладзены еўрапейскія санкцыі, знайшлі адлюстраванне ў Рашэнні ЕС №2026/426 ад 26 лютага 2026 года, якое ўнесла некаторыя змены ў рашэнне №765/2006, якое рэгулюе санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Гэтым жа рашэннем Савет ЕС у чарговы раз прадоўжыў усе санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі на год — да 28 лютага 2027 года. Дыктатар адмаўляецца змяняць сваю палітыку: рэпрэсіўную ўнутры Беларусі і агрэсіўную за яе межамі — за гэта і атрымлівае прадаўжэнне абмежавальных мер.


@CabinetBelarus

Main carousel image