Ціханоўская сустрэлася з беларускімі добраахвотнікамі: час выходзіць на новы ўзровень
2026-02-27
Сёння ў Варшаве кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская разам з прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзімам Кабанчуком правяла сустрэчу з беларускімі добраахвотнікамі і валанцёрамі, якія ваявалі на баку Украіны. Сустрэчы была прымеркавана да чацвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.Святлана Ціханоўская падзякавала ўдзельнікам за мужнасць і прынцыповасць:
«Беларускія добраахвотнікі зрабілі і працягваюць рабіць велізарны ўнёсак у барацьбу супраць расійскай агрэсіі. Дзякуючы вам свет бачыць: беларусы — не саўдзельнікі гэтай вайны, а народ, які змагаецца за бяспеку ўсяго рэгіёну».
Удзельнікі абмеркавалі стратэгічнае супрацоўніцтва з Украінай, а таксама пытанні легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў, умовы для ветэранаў — у тым ліку выплаты сем'ям загінулых, павелічэнне тэрмінаў легальнага знаходжання і механізмы рэсацыялізацыі пасля службы. Асобна гаварылі пра неабходнасць перагляду нормаў, якія фактычна прыраўноўваюць беларускіх добраахвотнікаў да грамадзянаў краіны-агрэсара.Вадзім Кабанчук адзначыў, што сустрэча прынесла рэальны вынік:
«Адбываюцца пазітыўныя змены, у тым ліку і ў стасунках паміж Аб'яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай і дабраахвотнікамі, дабраахвотніцкім рухам, валанцёрамі. Была праведзена канструктыўная размова, хаця шэраг праблем яшчэ будзе чакаць вырашэння».Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы таксама акрэсліў далейшы курс:
«Пакуль няма ясных перспектыў, калі скончыцца гэта вайна. Таму спадзяемся, што выходзім на новы ўзровень узаемадзеяння палітычнай часткі дэмакратычных сіл і добраахвотніцкага руху. Наперадзе нас чакаюць складаныя часы па завяршэнні вайны ва Украіне. Спадзяюся, што будзем гэты шлях пераадольваць разам, у каардынацыі і ўзаемадзеянні і ў больш шчыльнай супрацы — і паміж сабой, і з украінскім бокам».
Таксама на сустрэчы абмеркавалі візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну, які плануецца ў бліжэйшыя месяцы.
@CabinetBelarus



