Павел Латушка прапанаваў Украіне ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2026-02-27
24 лютага 2026 года, у гадавіну пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў зварот Упаўнаважанаму Прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславу Уласюку.
У дакуменце змяшчаюцца комплексныя прапановы па ўзмацненні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі. Павел Латушка падзякаваў украінскаму кіраўніцтву за ўжо прынятыя меры:«Гэта важны палітычны сігнал рэжыму і знак падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі».
Сярод канкрэтных прапаноў — увядзенне блакіруючых санкцый супраць банкаў, падключаных да расійскай сістэмы СПФС, пашырэнне абмежаванняў на беларускі экспарт угнаенняў, звадкаванага газу, рапсавага алею і торфу, а таксама ўзмацненне кантролю над «ілжывым транзітам» праз Беларусь. Акрамя таго, прапануецца пашырыць персанальныя санкцыі на атачэнне Лукашэнкі, прапагандыстаў і суддзяў.
Намеснік кіраўніцы Кабінета асобна акцэнтаваў увагу на ролі структур Саюзнай дзяржавы ў расійскай агрэсіі і незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.«Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і НАУ пацвярджаюць гатоўнасць да далейшага экспертнага ўзаемадзеяння з украінскім бокам для выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў па ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі і сумеснага лабіявання новых санкцыйных рашэнняў супраць рэжыму як з боку ЕС, так і іншых дэмакратычных краін», — заявіў палітык.
Да звароту прыкладзены аналітычныя матэрыялы з канкрэтнымі пералікамі прадпрыемстваў і фізічных асобаў, у дачыненні да якіх прапануецца ўвядзенне санкцый.
@CabinetBelarus



