Алена Прыходзька ўзначаліла Выбарчую камісію: вынікі першага пасяджэння
2026-02-17
17 лютага адбылося першае адкрытае пасяджэнне Выбарчай камісіі КР.
Старшынёй Выбарчай камісіі аднагалосна абраная Алена Прыходзька. Алена — журналістка-расследвальніца, якая спецыялізуецца на выкрыцці карупцыйных схем і аналізе складаных дакументаў.
— Мне ўсё падабаецца. Усе патрабаванні будзем праходзіць разам выбарчай камісіяй. Каманда вельмі добрая, кожны са сваімі софт- і хард-скіламі. Мне падаецца, будзе добры "дрым-тым", — адрэагавала па выніках галасавання новаабраная старшыня Алена Прыходзька.
Падчас мерапрыемства акрэслены асноўныя палажэнні па выбарах:
Фармат галасавання: працэс будзе доўжыцца 7 дзён і праходзіць праз лічбавую платформу. Усе парады па бяспецы будуць размешчаны на рэсурсах КР.
Прынцып фармавання Рады: у Раду прапануюцца выбарчыя спісы, а не канкрэтныя асобы. У кожным спісе павінна быць не менш за 10 чалавек.
Гендарныя квоты: не менш за 40% жанчын і не менш за 40% мужчын у кожным спісе. Выключэнне прадугледжана толькі для спецыфічных арганізацый (напрыклад, добраахвотніцкіх) пры наяўнасці аб’ектыўных доказаў немагчымасці выканаць квоты.
Адкрытасць і камунікацыя: пасяджэнні камісіі будуць праходзіць не радзей чым раз на два тыдні. Назіральнікі, журналісты і кандыдаты могуць браць у іх удзел па папярэднім запыце на пошту: office@radavoting.com.
Рэгламент і Мемарандум
Камісія зацвердзіла Рэгламент працы Выбарчай камісіі, Палажэнне аб выбарах старшыні Выбарчай камісіі і Устаноўчую дамову паміж сябрамі камісіі.
Таксама была прадстаўлена прапанова Мемарандума аб узаемадзеянні паміж Выбарчай камісіяй, Каардынацыйнай Радай і правайдэрам лічбавай платформы для галасавання. Дакумент закліканы дакладна размеркаваць адказнасць па арганізацыйных пытаннях і пытаннях бяспекі.
У склад Выбарчай камісіі ўваходзяць: Алена Прыходзька, Дзмітрый Фурманаў, Алена Жылачкіна (Жываглод), Яраслаў Бекіш, Пётр Маркелаў.
Пытанні да Выбарчай камісіі, а таксама скаргі на працэс выбараў можна дасылаць на пошту: office@radavoting.com.
Галасаванне ў КР запланавана на 11–17 мая 2026 года. Абвяшчэнне вынікаў пройдзе 21–23 мая 2026 года.
Запіс трансляцыі пасяджэння даступны на YouTube-канале КР: https://youtube.com/live/sgXCF59X2BI



