Юлія Міцкевіч: Сістэма дапамогі пры залежнасцях павінна быць накіравана не на пакаранне, а на падтрымку і захаванне цвярозасці
2026-02-17
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч распавяла «Салідарнасці», чаму лячэбна-працоўны прафілакторыі (ЛПП) — вялікая праблема для беларусаў, а таксама пра тое, як дзяржава падтрымлівае алкагалізацыю насельніцтва і якія ёсць інструменты, каб вырашаць гэтую праблему.
Маштаб праблемы
«У 2025 годзе Беларусь была на першым месцы ў свеце па смяротнасці ад алкаголю і на 21-м (з 187) — па спажыванні алкаголю. Гэта велізарная праблема, з якой трэба працаваць. Але ўлады не хочуць нічога з ёй рабіць, бо гэта ім выгадна».
«Лячэнне» ў лячэбна-працоўных прафілакторыях
«Жанчыны, якія праходзілі «лячэнне» ў ЛПП, расказвалі мне, што там няма ніякай дапамогі і лячэння. Іх накіроўваюць на найцяжэйшыя працы накшталт насіць шыфер або капаць на звалцы. Гэтае месца накіравана на пакаранне і падаўленне асобы, але ніяк не на рэсацыялізацыю і інтэграцыю ў грамадства. І такі падыход не прыводзіць да вылячэння залежнасцяў».
Як вырашыць праблему алкагольнай залежнасці ў беларусаў
«У першую чаргу трэба закрыць ЛПП, якія працуюць у адваротны бок. Сістэма дапамогі павінна быць накіравана не на пакаранне, а на падтрымку і захаванне цвярозасці. З гэтай хваробай трэба працаваць рознымі метадамі, і дзяржаве неабходная кааперацыя з арганізацыямі, якія б працавалі са стыгмай у грамадстве.
Пра алкагольную залежнасць ёсць шмат стэрэатыпаў, але ад яе не застрахаваны ніхто. Часам чалавек пачынае піць, бо арганізм не спраўляецца з траўмай. Ні сам чалавек, ні яго родныя часта не разумеюць, што рабіць. Людзям цяжка прызнацца ў залежнасці, бо гэта пра моцны сорам і віну.
Тут якраз павінна быць дапамога дзяржавы, якой трэба разумець: здаровыя людзі — гэта шчаслівыя людзі. Гэта выгодна ўсім. Гэта не толькі клопат пра канкрэтныя групы, але і пра ўсё грамадства. Таму, як і ў еўрапейскіх краінах, у нас павінны быць асветніцкія мерапрыемствы ў выглядзе лекцый, семінараў і трэнінгаў».
«Таксама вельмі важна, каб захоўвалася ананімнасць. Зараз пры працаўладкаванні на працу часта просяць даведку, што чалавек не стаіць на ўліку ў наркалагічным дыспансеры. Нават калі чалавек ужо ў цвярозасці, але стаіць, зразумела, што працадаўца наўрад ці захоча яго браць. У Літве, напрыклад, калі чалавек стаіць на ўліку — гэта нідзе не «свеціцца» і ніяк не ўплывае на яго лёс, дадзеныя захоўваюцца толькі ў медыцынскіх установах.
І напрыканцы дадам, што нам не хапае публічных гісторый пра барацьбу з алкагольнай залежнасцю. Не магу прыгадаць прыкладаў, калі хтосьці з вядомых беларусаў адкрыта расказаў пра свой досвед. Як, напрыклад, гэта робіць Энтані Хопкінс. Такія гісторыі таксама ўплываюць на людзей».
@CabinetBelarus



