Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі адносна агрэсіўных намераў Расійскай Федэрацыі па ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі

2026-02-13

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі лічыць неабходным даць прынцыповую палітычную ацэнку нядаўнім заявам афіцыйных прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, якія могуць сведчыць пра падрыхтоўку да канчатковай ліквідацыі суверэнітэту нашай краіны.

Публічныя выступленні прэс-бюро Службы знешняй разведкі Расіі ад 9 лютага і прадстаўніцы МЗС РФ Марыі Захаравай ад 12 лютага 2026 года ўтрымліваюць непрыхаваныя пагрозы выкарыстаць «усе наяўныя сілы і сродкі», уключаючы ядзерны арсенал, для кантролю над унутрыпалітычнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь. Сцвярджэнні расійскага боку пра намер «не назіраць склаўшы рукі» за працэсамі ў нашай дзяржаве з’яўляюцца прамой пагрозай нацыянальнай бяспецы і сведчаць аб пераходзе Крамля да палітыкі адкрытага дыктату.

Падобныя заявы з’яўляюцца грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь і беспрэцэдэнтным сігналам аб поўным непрызнанні Расіяй суверэннага права беларускага народа самастойна вызначаць сваю будучыню. Прысвойваючы сабе права ацэньваць легітымнасць беларускіх палітычных суб'ектаў і эфектыўнасць «зачысткі» грамадзянскай супольнасці, Масква дэманструе, што разглядае Беларусь не як незалежную дзяржаву, а як уласны ваенны плацдарм і зону акупацыйнага ўплыву. Мы падкрэсліваем: менавіта імперская палітыка Расійскай Федэрацыі і яе імкненне замацаваць Беларусь у статусе бяспраўнага сатэліта з’яўляюцца сёння галоўнай пагрозай суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.

Да гэтай крытычнай мяжы Беларусь прывяла шматгадовая антынародная палітыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Дзеля ўтрымання асабістай улады ён свядома і планамерна гандляваў дзяржаўным суверэнітэтам, дапусціў замежныя спецслужбы да кіравання пытаннямі ўнутранай бяспекі і зрабіў Беларусь закладніцай агрэсіўных планаў Крамля. Сённяшняя сітуацыя, калі лёс беларускіх выбараў і канстытуцыйнага ладу адкрыта абмяркоўваецца ў кабінетах расійскіх сілавых структур, з’яўляецца прамым вынікам здрады нацыянальным інтарэсам з боку Лукашэнкі.

Ва ўмовах, калі Расійская Федэрацыя выказвае актыўнае намер умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, у тым ліку ваенным спосабам, Аб’яднаны Пераходны Кабінет пацвярджае сваю няўхільную пазіцыю: адзіным эфектыўным адказам на знешнюю агрэсію можа быць толькі ўнутранае адзінства і аднаўленне суб'ектнасці беларускага народа. Мы зноў заклікаем прадстаўнікоў функцыянальных беларускіх улад, якія ўсведамляюць экзістэнцыйную пагрозу страты дзяржаўнасці, да пачатку канструктыўнага дыялогу ў фармаце Круглага стала. Выхад з глыбокага палітычнага крызісу, спыненне рэпрэсій і вяртанне да законнасці — гэта неабходныя крокі для стварэння адзінага нацыянальнага фронту па абароне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Будучыня нашай дзяржавы павінна вызначацца выключна грамадзянамі Беларусі ў межах дэмакратычных працэдур. Любыя спробы замежнага ўмяшання пад выглядам «гарантый бяспекі» фактычна з’яўляюцца актам агрэсіі, а асобы, якія спрыяюць гэтаму ўмяшанню, павінны панесці адказнасць.

Жыве Беларусь!

Варшава, 12 лютага 2026 года

Main carousel image