Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: Мы вернем Беларусь у наш агульны еўрапейскі дом. Іншага шляху няма

2026-02-11

Як намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, лаўрэат прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы Павел Латушка прыняў удзел ва ўрачыстасці ўручэння ўзнагарод Форуму супрацоўніцтва і дыялогу Польшча–Літва і Форуму дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройця.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве таксама ўдзельнічаюць першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Немчыцкі, першы намеснік міністра культуры Польшчы Марэк Краўчык, пасол Літвы ў Польшчы Вальдэмарас Сарапінас, кіраўнікі нацыянальных устаноў культуры Польшчы і Літвы і прадстаўнікі культурнай грамадскасці.

«Бягучы год Сенат Польшчы абвясціў Годам Ежы Гедройца. Гэта момант ісціны для ўсяго нашага рэгіёна. Для нас, беларусаў, Ежы Гедройц асабліва блізкі — бо ён нарадзіўся ў нашым родным Мінску, і яго візія вольнай Беларусі была неад’емнай часткай яго еўрапейскай мары», — адзначыў Павел Латушка падчас урачыстасці.

Сумесную ўзнагароду Форуму супрацоўніцтва і дыялогу Польшча–Літва і Форуму дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройця за заслугі ў галіне гісторыі і калектыўнай памяці атрымаў беларускі гісторык, прафесар Аляксандр Смалянчук.

Беларускі навуковец адзначыў, што ўспрымае гэтую ўзнагароду як прызнанне працы тых беларускіх гісторыкаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, у якой сёння не існуе свабоды навуковых даследаванняў, а іх прадстаўнікам пагражаюць рэпрэсіі.

«Калі ласка, не забывайце пра Беларусь, якая змагаецца, жыве і будзе жыць. Жыве Беларусь!» — адзначыў Аляксандр Смалянчук у канцы выступу.

Варта адзначыць, што раней узнагарода ўручалася выключна культурным і грамадскім дзеячам з Польшчы і Літвы, з 2022 года — з Украіны, а з гэтага года ўпершыню яна пашыраецца на прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай грамадскасці і руху.

«Пашырэнне ўзнагароды на навукоўцаў, даследчыкаў з Беларусі ў гэты складаны час для маёй краіны — гэта сігнал, што Еўропа Гедройца не заканчваецца на Бугу», — падкрэсліў Павел Латушка.

Выступоўцы падчас урачыстага мерапрыемства не аднойчы падкрэслілі, што няма вольнай Польшчы і Літвы без вольнай Украіны і вольнай Беларусі.

Важна адзначыць, што раней гэтай прэміі удастойваліся прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, міністр замежных спраў Украіны Дмитро Кулеба, мецэнат Мацей Радзівіл, адзін з лідараў польскай «Салідарнасці», галоўны рэдактар «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік.

Падчас афіцыйных мерапрыемстваў Павел Латушка адзначыў:

«Мы разумеем: пакуль Беларусь застаецца ў руках дыктатара, бяспека ўсяго рэгіёна будзе пад пагрозай. Але Беларусь — гэта не Лукашэнка. Беларусь — гэта народ, які ў 2020 годзе зрабіў свой незваротны еўрапейскі выбар.

Мы — нашчадкі Вялікага Княства
Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Наш інтэлектуальны код — гэта свабода.

Дзякуй Польшчы і Літве за вернасць запаветам Гедройца. Мы вернем Беларусь у наш агульны еўрапейскі дом. Іншага шляху няма»
.

Поўны выступ Паўла Латушкі — на афіцыйнай старонцы НАУ.

@CabinetBelarus

Main carousel image