Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Баркоўскі: «Беларусь — гэта асобная дзяржава, асобны народ, і як бы каму ні хацелася іншага, — Беларусь жыве»

2026-02-09

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі адрэагаваў на заяву пасла РФ у Беларусі пра адзіны беларускі і расійскі народ:

«Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў зноў заявіў пра "адзіны народ" беларусаў і расіян і пра «варожыя сілы», якія нібыта імкнуцца парушыць гэтую "гістарычную повязь". Ён сцвярджае, што мы «аднолькава думаем і жывём» і што «некарэктна» падкрэсліваць адрозненні паміж нашымі народамі.

Аднак канцэпцыя "адзінага ўсходнеславянскага народа" — гэта ідэалагічны канструкт, створаны расійскімі інтэлектуаламі ў ХІХ стагоддзі для абгрунтавання імперскіх прэтэнзій Масквы на народы былога ВКЛ. Яна базавалася на наратыве пра агульную спадчыну Кіеўскай Русі, кананічнае праваслаўе і нібыта агульны моўна-этнічны склад. У ХХІ стагоддзі Расія працягвае эксплуатаваць гэтыя аргументы, у тым ліку праз фінансаванне падручнікаў і этнаграфічных праектаў.

Такое бачанне супярэчыць сучасным даследаванням. Тэза пра Маскву як спадчынніцу Кіеўскай Русі разглядаецца як каланіяльны міф. Праваслаўе — толькі частка рэлігійнай гісторыі Беларусі, дзе значную ролю мелі каталіцкая, уніяцкая і пратэстанцкія традыцыі. Моўная і генетычная блізкасць беларусаў да рускіх не большая, чым да іншых славян; беларуская мова аднолькава на 60% блізкая да рускай і польскай, а найбольш — да ўкраінскай.

Тэза пра "аднолькавасць думак і мараў" таксама не адпавядае рэчаіснасці. Беларускае грамадства іначай ацэньвае пытанне ўдзелу ў вайне, падтрымлівае неабходнасць захавання дзяржаўнасці і не гатовае да інтэграцыі ў агульную дзяржаву з Расіяй. Палітыка Лукашэнкі спрыяе пашырэнню расійскай культуры і інфармацыйнай прасторы, але гэта не робіць нашы народы адзіным цэлым.

Беларусы — самастойны народ са сваёй гісторыяй, культурай і імкненнем да незалежнасці. Спробы прадставіць Беларусь як частку «адзінай айчыны» выглядаюць як пераасэнсаваная імперская практыка пад шыльдай «братэрства» і «дабрасуседства».

Беларусь — гэта асобная дзяржава, асобны народ, і як бы каму ні хацелася іншага, — Беларусь жыве».

@CabinetBelarus

Main carousel image