Святлана Ціханоўская падзякавала беларусам за падтрымку і за спрэчкі
2026-02-07
«Нам не трэба ўладнай вертыкалі, калі ёсць сістэма, пабудаваная на прынцыпах дэмакратыі ўзаемнай справаздачнасці і празрыстасці. І гэтая сістэма супрацьлеглае так званаму казарменаму спосабу кіравання, які рэжым навязвае беларусам. Я дзякую вам за падтрымку, але таксама дзякую і за спрэчкі», - заявіла на слуханнях перад Каардынацыйнай радай кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская.
Яна прапанавала «прыняць, што дэбаты, дыскусіі і разыходжанні, якія ў нас ёсць, гэта нармальна ў дэмакратычным грамадстве», гэта «прыкмета здаровага арганізму», і «было б нашмат горш, калі б была поўная цішыня і аднагалоснасць».
Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім фракцыям Каардынацыйнай Рады і асабліва фракцыі «Беларусы», якая ініцыявала слуханні, АПК і камандзе офіса «за бяссонныя ночы, за працу ва ўмовах цэйтноту і вельмі часта, часта гэта валанцёрства».«Дэмакратычныя сілы сёння робяць тое, што павінна рабіць нармальная дзяржава – вырашаць праблемы сваіх грамадзян, абараняць іх правы і адстойваць інтарэсы краіны на міжнароднай арэне. Рэжым Лукашэнкі робіць усё наадварот. Ён пераследуе сваіх грамадзян, а краіну заганяе ў ізаляцыю.
Улада клапоціцца не пра людзей, а пра самую сябе, пра сваё ўласнае выжыванне. Яна трымаецца на страху і рэпрэсіях. І людзі ў Беларусі і па-за яе межамі, не адчуваюць ні павагі з боку дзяржавы і ні ўпэўненасці ў заўтрашнім дне у такой сістэме, пабудаванай на прыхаце аднаго чалавека чыноўнікі гатовыя выконваць самыя дурацкія загады. І прыкладам таму, канешне, нядаўняя пастанова пра выключэнне вулічнага святла. Узяць проста так і паставіць жыце людзей пад пагрозу без усякай патрэбы. Гэта чарговы маразм гэтага рэжыму.
Памятаеце, раней была такая фраза: "Сыходзячы, гасіце свет". І хочацца верыць, што выключэнне святла - гэта тонкі намёк на непазбежны сыход дыктара і разам з ім усёй яго бесчалавечнай сістэмы. І калі гэта адбудзецца, канешне, многія беларусы ўздыхнуць з палёгкай і сумаваць па дыктатару дакладна ніхто не будзе. Гэта не сакрэт, што многія чыноўнікі за спінамі называюць Лукашэнку дзедам і жартуюць пра яго на сінія пальцы», — адзначыла палітык.
Святлана Ціханоўская бачыць для Беларусі дзве альтэрнатывы: «статус кво Беларусі як сатыліту Расеі, ці ўсё ж незалежная краіна, інтэграваная ў еўрапейскую прастору», «і сёння менавіта дэмакратычныя сілы ўвасабляюць сабой гэтую альтэрнатыву».«Безумоўна, перамены ў Беларусі будуць, шмат у чым залежыць ад вынікаў расейскай вайны супраць Украіны. Ёсць імавернасць, што ўсё ж будзе падпісана мірнае пагадненне. І калі гэта адбудзецца, увага зноў вернецца да Беларусі. І вельмі верагодна, што адчыніцца новае вакно магчымасцяў, і для нас будзе вельмі важна гэтым гэтай магчымасцю скарыстацца і не дазволіць Расеі замацаваць свой кантроль над Беларуссю, каб не страціць канчаткова суверэнітэт.
Захаваўшы суверэнітэт, мы зможам вярнуць Беларусь і дэмакратыю, а потым і, канешне, паставіць Беларусь на еўрапейскія рэйкі. Многія ўнутры сістэмы падзяляюць нашыя погляды і гатовыя з намі дамаўляцца. Яны разумеюць, што Лукашэнка страціў суб'ектнасць што ён цалкам залежыць ад Расеі і вядзе краіну ў тупік. І калі гэты працэс не спыніць, то мы страцім нашу краіну», — дадала кіраўніца АПК.
У Варшаве сёння 7 лютага праходзяць слуханні кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай у Каардынацыйнай радзе. Лідарка дэмакратычных сіл распавядзе аб зробленым за справаздачны перыяд і падзеліцца стратэгіяй дзеянняў, якая зараз рэалізуецца. Затым будзе час адказаў на пытанні дэлегатаў КР.
@CabinetBelarus







