Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Офіс Святланы Ціханоўскай пашырае сваю прысутнасць у Польшчы

2026-02-06

На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская распачала працу ў Варшаве, дзе неўзабаве адкрыецца Офіс Святланы Ціханоўскай, які будзе працаваць як у Варшаве, так і ў Вільні. У Варшаву пераедзе частка каманды, у прыватнасці тыя, хто валодае польскай мовай і добра ведае польскі кантэкст — галоўны дарадца Франак Вячорка і старэйшы дарадца Аляксандр Дабравольскі, што дапаможа ўзмацніць нашыя стасункі з Польшчай. Цяпер адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай супольнасці, а таксама падрыхтоўка фізічнай прасторы да пачатку працы.

Разам з адкрыццём Офіса ў Варшаве Офіс у Вільні працягвае працу, захоўваючы рэгістрацыю і дыпламатычную акрэдытацыю.

Святлана Ціханоўская: «Я таксама буду намагацца часта наведваць Літву і хацела б, каб Вільня засталася нашым дыпламатычным цэнтрам працы, роўна як і адным з цэнтраў беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Менавіта таму вялікая частка маёй каманды, у тым ліку міжнародны дэпартамент, працягне працу ў Літве. Дырэктарам віленскага Офіса будзе мой дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.

Мы пашыраем дзейнасць на Варшаву, і спадзяюся, нашая прысутнасць тут узмоцніць каардынацыю з польскімі і міжнароднымі саюзнікамі, а таксама з беларускай супольнасцю ў Польшчы. Менавіта ў Польшчы цяпер знаходзіцца найбольшая беларуская супольнасць у выгнанні. Разам з тым мы працягваем працу ў Літве і з літоўскім урадам. Мы ўдзячныя польскаму і літоўскаму ўрадам за няспынную падтрымку нашага руху і салідарнасць».

Разам з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Народным антыкрызісным упраўленнем, Каардынацыйнай Радай, грамадскімі і праваабарончымі ініцыятывамі, міжнароднымі партнёрамі, а таксама арганізацыямі сістэмнай дапамогі Офіс працягне працу дзеля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў.

Офіс будзе працягваць працу над вырашэннем праблемаў беларусаў за мяжой і ўнутры краіны, прыцягваць увагу да Беларусі, адвакатаваць міжнародную падтрымку незалежных медыя, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятываў, а таксама набліжаць Беларусь да пераменаў. 

Main carousel image