Павел Латушка: Прысутнасць беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ дае магчымасць уплываць на яе рашэнні і ставіць там беларускія пытанні
2026-02-05
«Гэта ўнікальная сітуацыя: дзякуючы таму, што беларусы ў 2024 годзе прагаласавалі і абралі Каардынацыйную Раду, мы атрымалі магчымасць мець сваю афіцыйную дэлегацыю ў Парламецкай Асамблеі Рады Еўропы, а таксама ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы — па 6 чалавек. Яны працуюць на ўсіх сесіях Парламенцкай асамблеі і Кангрэса. Фактычна там прысутнічаюць прадстаўнікі больш як 40 краін Еўропы», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, чалец дэлегацыі КР у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка ў інтэрв’ю для Радыё «Рацыя».
Павел Латушка адзначыў:
«Гэта дае магчымасць уплываць на прымаемыя рашэнні Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, таксама і ставіць беларускія пытанні».
Чалец дэлегацыі КР у ПАРЕ нагадаў, што на апошняй сесіі, у якой ён прымаў удзел, была прынята спецыяльная рэзалюцыя, якая тычылася бяспекі еўрапейскага кантыненту:
«У мемарандуме да гэтай рэзалюцыі скразнымі радкамі, чырвонымі літарамі будзе прапісана, што Спецыяльны трыбунал па пытаннях адказнасці за агрэсію супраць Украіны створаны для прыцягнення да адказнасці расійскіх і беларускіх прадстаўнікоў менавіта за злачынствы супраць Украіны. Таксама там утрымліваюцца словы, што ваенная агрэсія Расіі, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі, прывяла да ўзмацнення жорсткасці гэтых двух рэжымаў».
«Я прыводжу гэтыя цытаты, таму што цяпер ужо фактычна не будзе ніводнага дакумента ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, які будзе датычыцца сітуацыі ва Украіне, каб там не ўзгадвалася роля Лукашэнкі. Гэта дзякуючы таму, што ў красавіку 2025 года нам удалося правесці ў рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы менавіта такі выраз, што за злачынствы агрэсіі нясе адказнасць так званае вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва Беларусі на чале з Лукашэнкам», — заключыў Павел Латушка.
Павел Латушка таксама падкрэсліў, што на дадзены момант НАУ працягвае ажыцяўляць збор доказаў для Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.
Павел Латушка таксама адзначыў, што гэта пытанне з'яўляецца яго сферай адказнасці ў Аб'яднаным Пераходным Кабінеце, і як дэлегат у ПАРЕ ён будзе пастаянна ставіць гэтае пытанне перад калегамі з парламентаў краін-членаў Рады Еўропы.



