Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Эканоміка Беларусі страціла $18 мільярдаў за два гады саўдзелу ў вайне

2026-02-04

Беларуская эканоміка страціла каля 18 мільярдаў долараў у 2022–2023 гадах у выніку ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны і наступных санкцый. Такая інфармацыя ўтрымліваецца ў справаздачах беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта заявіла прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліса Рыжычэнка.

Паводле яе слоў, гэта сума адпавядае тром гадавым бюджэтам дзяржавы на ахову здароўя і адукацыю разам.

«18 мільярдаў долараў. Уявіце сабе гэтую суму. Гэта 2000 долараў на кожнага жыхара краіны — мужчыну, жанчыну, дзіця, пенсіянера. Гэта заробкі, якія не былі выплачаныя. Гэта пенсіі, якія не выраслі. Гэта бальніцы, якія не пабудавалі. Гэта дарогі, якія не адрамантавалі», — адзначыла Аліса Рыжычэнка.


Бачныя і нябачныя страты
Асноўныя страты звязаны з падзеннем экспарту ў ЕС і ва Украіну. Але, падкрэсліла Аліса Рыжычэнка, гэта толькі «бачная частка айсберга».

«Рэпутацыя краіны як надзейнага партнёра цалкам разбурана. Доступ да заходніх тэхналогій закрыты. Да 400 тысяч спецыялістаў з’ехалі з краіны. Інвестыцыі спыненыя», — заявіла прадстаўніца АПК.

Прычына — удзел у вайне супраць Украіны
Аліса Рыжычэнка нагадала, што ў 2022 годзе тэрыторыя Беларусі была выкарыстана як плацдарм для нападу на Украіну. Гэта і прывяло да жорсткіх санкцый.

«Санкцыі — гэта не пакаранне. Гэта наступствы выбару, выбару рэжыму Лукашэнкі», — падкрэсліла яна.

Адказваючы на прапановы пачаць дыялог і дамагацца адмены санкцый, яна адзначыла:

«Некаторыя кажуць: давайце пачнём дыялог, здымем санкцыі, наладзім адносіны. Але важна разумець: санкцыі ўведзены за канкрэтныя дзеянні — удзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Іх адмена магчымая толькі пры адной умове — спыненне падтрымкі вайны, спыненне ваеннай вытворчасці для расійскай арміі».


Кошт удзелу будзе толькі расці
Паводле Алісы Рыжычэнка, 18 мільярдаў долараў — гэта страты толькі за два гады:

«І чым даўжэй будзе працягвацца ўдзел у вайне, тым вышэйшым будзе гэты рахунак».


Падрабязней па гэтай тэме — у відэа тут.

@CabinetBelarus

Main carousel image