Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі сустрэліся з Сакратарыятам Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека
2026-02-03
У Кіеве 3 лютага адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі з Сакратарыятам Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская, прадстаўніца дэмсілаў ва Украіне Святлана Шаціліна, дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў.
Бакі абмеркавалі:
– сітуацыю з правамі чалавека, з асаблівым фокусам на становішча палітычных зняволеных, сярод якіх ёсць і грамадзяне Украіны.
– сітуацыю з беларусамі, якія зазналі пераслед за супрацьдзеянне рэжымам Лукашэнкі і Пуціна пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, а таксама гуманітарным і праваабарончым падыходам да такіх кейсаў.
– практыку прымусовага вывазу беларускіх палітычных зняволеных за межы Беларусі, у тым ліку ва Украіну, і магчымую каардынацыю дзеянняў у выпадку працягу такой практыкі.
Прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская адзначыла:«Для мяне гэтая сустрэча мае асаблівае значэнне, бо гэта першая рабочая сустрэча такога ўзроўню, якая адбылася непасрэдна ва Украіне. Мы прадметна і глыбока абмеркавалі пытанні, звязаныя з палітычнымі зняволенымі, і тое, як можа выглядаць эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўкраінскімі інстытутамі з улікам рэальнай сітуацыі, у тым ліку досведу працы з апошняй групай палітвязняў.
Асобная ўвага была нададзена практычным механізмам падтрымкі: мы абмяняліся інфармацыяй пра праграмы, якія ўжо працуюць ва Украіне, і пра тое, як украінскія палітычныя зняволеныя і былыя зняволеныя атрымліваюць неабходную сацыяльную, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу. Гэты досвед надзвычай важны і можа быць карысным пры распрацоўцы і ўдасканаленні падыходаў да падтрымкі беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій.
Таксама мы ўзнялі складаную і балючую тэму таго, што ў беларускіх турмах дагэтуль застаюцца грамадзяне Украіны. Да некаторых з іх ужываецца больш жорсткае стаўленне, што патрабуе дадатковай увагі і каардынацыі на міждзяржаўным і інстытуцыйным узроўні.
Гэтая сустрэча стала важным крокам да выбудоўвання сістэмнага і практычнага супрацоўніцтва, якое можа мець рэальны ўплыў на абарону правоў чалавека і сацыяльную падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій».
@CabinetBelarus



