Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Баркоўскі: «У беларусаў ёсць ген нязломнасці»

2026-02-03

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі распавёў на «Еўрарадыё» пра Дзень нязломнасці, чаму яго варта адзначаць і пра перамогу нацыянальна-вызвольнага руху беларусаў. У перадачы разам з ім удзельнічалі пісьменніца Святлана Курс і гісторык Наста Ільіна.

Пра Дзень нязломнасці і абраную для яго дату

«Шмат хто з беларусаў адзначае Дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага. Чаму б не прапанаваць беларусам гэта адзначаць неяк больш маштабна. Паразважаўшы, мы прыйшлі да самой даты, і ўжо другі год мы яе называем Днём нязломнасці.

Чаму нязломнасці? Таму што для мяне самога, калі я гляджу на гісторыю Беларусі, яна ўяўляецца шэрагам спадзяванняў, высілкаў, якія мы робім для таго, каб здабыць сваю свабоду, незалежнасць, лепшую долю. І год ад года, стагоддзя ад стагоддзя, беларусы часцей церпяць паразы, чым выйграюць.

Тым не менш гэта не становіцца для нас фінальнай кропкай: усё, паспрабавалі некалькі разоў, хопіць, змірыліся з лёсам, жывём як ужо давядзецца. Не. Беларусы кожны раз знаходзяць у сябе сілы пачаць новую падзею. Таму мы і кажам, што ў беларусаў ёсць ген нязломнасці, які варта ўшанаваць і адзначаць.

Я думаю, асоба Кастуся Каліноўскага, які прайграў паўстанне але стаў нацыянальным героем, якраз пасуе найлепш».



Пра перамогу нацынальна-вызвольнага руху

«Гістарычна не скончылася нашае нацыянальна-вызвольнае паўстанне, вызвольны рух. Так, ён ужо ідзе фактычна больш чым паўтары стагоддзі. Але мы, магчыма, найбліжэй цяпер знаходзімся да моманту, калі гэты рух, імаверна, прывядзе да перамогі».


Будучыня беларускай нацыі

«Мы ў актыўнай фазе барацьбы, і любыя праявы свайго, нацыянальнага, беларускага ўжо аўтаматычна запісвае ў чалавека змагары, у барацьбіты, і ў нейкай ступені вызначае лёс.

Але я веру, што ў нашай нацыі ёсць будучыня, дзе быць беларусам - гэта не штодзённы подзвіг. А гэта будзе нармальная, годная справа: шанаваць сябе, свой народ, сваю зямлю, сваю нацыю і проста жыць звычайным жыццём, адчуваць гонар за тое, дзе ты жывеш, хто ты ёсць і кім хочаш стаць».



@CabinetBelarus

Main carousel image