Салавей: Дзяржаўная праграма «Здароўе нацыі» — палёт фантазіі
2026-02-03
Беларускі ўрад прыняў дзяржаўную праграму «Здароўе нацыі» на 2026–2030 гады. Яе і новы кодэкс пра ахову здароўя пракаментавалі прадстаўнікі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ў эфіры праграмы «Пік Свабоды».
Намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК у справе аховы здароўя і медыцыны Станіслаў Салавей распавёў пра сутнасць дакумента:«Напісана многа таго, як будзе добра, але не напісана «як». Яны хочуць ахапіць якаснай дыспансарызацыяй 95% насельніцтва, калі гэта сапраўды зрабіць, гэта будзе мець уплыў. Але, прабачце, як гэта зрабіць пры дэфіцыце кадраў, 5 хвілінах на пацыента і вар'яцкай плыні?»
«Дакумент — гэта палёт фантазіі, які трохі адарваны ад рэальнасці. Грошы будуць выдзяляцца, нешта будзе рамантавацца, але яны выдзяляюцца трохі бессэнсоўна. У нас вельмі шмат рэсурсаў у медыцыне трацяцца ў нікуды. Напрыклад, шпіталізуюць пацыентаў, каб выканаць план па «пралечаных» пацыентах».
Ці рэальная медычная рэформа ў Беларусі?«Яна непазбежная. Казаць, што ў Беларусі дрэнная сістэма аховы здароўя нельга. Сістэма працуе, людзі атрымліваюць дапамогу. Але той рэсурс, які выдзяляецца, можна выкарыстоўваць па-іншаму і атрымаць лепшыя вынікі... Чым раней будзе рэформа, тым лепей».
Агульны бюджэт праграмы на 5 гадоў — 98 мільярдаў беларускіх рублёў. Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка ацаніла гэтыя лічбы і выдаткі беларускай дзяржавы на медыцыну:«Істотных зменаў у выдатках на ахову здароўя ў новай пяцігодцы мы не назіраем: з 2020 года выдаткоўваецца прыкладна 18–20 млрд рублёў у год, што і дае 98 млрд на пяць год...
Параўноўваць з краінамі ЕС складана праз розную структуру бюджэтаў: у Беларусі гэта толькі даходы ад падаткавых паступленняў, а ў Еўропе — не толькі дзяржаўныя выдаткі, але прыватныя ўнёскі і медыцынскае страхаванне... Калі глядзець на «голыя лічбы», у нас гэта каля 6 млрд долараў у год, у Польшчы — 50 млрд расходы бюджэта, у Германіі — 450 млрд».
«У еўрапейскай краіне вы не можаце выклікаць урача на дом пры тэмпературы 37.5 ці 38 у адрозненні ад Беларусі, але вы можаце атрымаць лекі бясплатна або па мінімальным кошце, калі вы маеце дзяржаўную страхоўку».«У поўным бюджэце Беларусі на медыцыну выдаткоўваецца каля 20 млрд, на сілавікоў і абарону — каля 10 млрд. І за апошнія пяць год тэндэнцыя істотна змянілася. Мы пачалі недзе з 1,5% ад ВУП выдаткаў на абаронку ў 2021 годзе, дык у 2025 гэта ўжо амаль 2,4% ад ВУП. То бок ваенныя выдаткі пастаянна павялічваюцца.
Толькі за мінулы год прырост на абарону і на сілавікоў — 26%. У адрозненне ад аховы здароўя, дзе ў нас прырост — каля 13%, але з улікам інфляцыі ў 7% (то бок, фактычна прырост менш за 7%). Мілітарызацыя бюджэту адбываецца ўжо на працягу апошніх некалькіх гадоў».
@CabinetBelarus



