Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

З Днём Нязломнасці !

2026-02-02

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі кажа, што Дзень нязломнасці, які прапануецца адзначаць 2 лютага, «шчыльна звязаны з народзінамі Кастуся Каліноўскага і пачаткам паўстання 1863 г. у Беларусі, увасабляе сабой важную характарыстыку беларусаў як нацыі».

«Нягледзячы на ўсе выпрабаванні і паразы, няпростую долю нашага памкнення да волі і незалежнасці, цяжкія абставіны, у якіх развівалася наша ідэнтычнасць і культура цягам апошніх стагоддзяў, беларусы як народ паказалі сваю нязломнасць і прагу да лепшага жыцця, імкненне «людзьмі звацца», — адзначыў Павел Баркоўскі.


Паводле яго, «гэтым днём мы хочам нагадаць сабе, што ўпартасць і загартаванасць у дасягненні сваіх мэтаў, нават у абставінах, якія выглядаюць драматычнымі, калі не бачна промняў надзеі». «Гэта тая рыса нацыянальнага характару, якая вылучае нас на працягу стагоддзяў і нітуе гісторыю мінулага з сучаснасцю», — перакананы ён.

Палітык працягнуў:

«Беларусы перажылі шматлікія войны, якія крывавым патопам прайшліся па нашай зямлі, прынялі ўдзел ў пяці паўстаннях і рэвалюцыях супраць расійскай імперыі, стваралі таемныя рухі і таварыствы, заснавалі сваю нацыянальную дзяржаву БНР і не гублялі надзеі нават за часамі падзелаў і рэпрэсій. Усе апошнія стагоддзі беларусы імкнуліся да сваёй дзяржаўнасці і незалежнасці, пакладаючы свае сілы і жыцці ў гэтым змаганні.

Так, усе гэтыя высілкі не далі дасюль чаканае мэты. На жаль і дасюль мы мусім сцвярджаць, што нацыянальна-вызвольная барацьба не скончылася, а наша краіна застаецца пад нябачнай, але дзейснай акупацыяй. Калі забаронены нацыянальныя сімвалы, уціскаецца родная мова, пляжыцца гісторыя і культура на карысць сімвалаў і панавання культуры з усходу. Але нягледзячы на ўсё гэта Беларусь жыве. І будзе працягваць жыць, пакуль беларусы будуць выказваць сваю нязломнасць і адданасць гэтай ідэі.

Так, наша барацьба працягваецца і яе фінал пакуль невідавочны, але вера ў перамогу і справядлівасць мусіць гартаваць нашы сілы. Нам шмат што дадзена, але мы можам нашмат болей, чым нават у стане сабе ўявіць. Віншую са святам!

Жыве Беларусь!»



@CabinetBelarus

Main carousel image