Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Баркоўскі: беларуская мова жыве дзякуючы людзям, а не дзяржаве

2026-01-29

У інтэрв’ю радыё «Рацыя» прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі заявіў, што сёння беларуская мова знаходзіцца ў цяжкім становішчы, нягледзячы на тое, што яна атрымала дзяржаўны статус яшчэ ў 1990 годзе. Палітык адзначыў, што пасля пачатковага ўздыму ў 1990‑х улада правяла праз прарасійскія наратывы і нелегітымны рэферэндум поўны разварот моўнай палітыкі, што прывяло да глыбокай русіфікацыі.

Баркоўскі падкрэсліў канкрэтныя формы дзяржаўнай дыскрымінацыі беларускай мовы:

❗️мэтанакіраванае выцісканне мовы з адукацыі, у тым ліку скарачэнне беларускамоўных школ і закрыццё ліцэяў;
❗️дамінаванне рускамоўнага кантэнту ў дзяржаўных СМІ, што зрабіла беларускую мову амаль нябачнай у публічнай прасторы;
❗️адсутнасць беларускай мовы ў дзяржаўных установах і сэрвісах;
❗️нестварэнне ўмоў для развіцця мовы ў бізнесе і культуры;
❗️у 2025 годзе — рэкордны ціск на беларускамоўных актывістаў і культурныя ініцыятывы.

Каментуючы дзяржаўную акцыю «Беларускія пятніцы», прадстаўнік Кабінета назваў яе паказчыкам глыбокай сістэмнай праблемы. Паводле яго, гэта не падтрымка мовы, а маскіроўка шматгадовай русіфікацыі.
Ён падкрэсліў: «Вельмі сумна, што мы дайшлі да таго, што цяпер трэба абвяшчаць “беларускія пятніцы”, каб беларусы хоць трошкі думалі пра родную мову».

Разам з тым Павел Баркоўскі адзначае, што беларуская мова працягвае жыць дзякуючы грамадзянскай супольнасці: людзі часцей ужываюць яе наўпрост у штодзённым жыцці, ствараюць культурныя ініцыятывы, кантэнт і падтрымліваюць беларускамоўную кнігу. Асобную ролю, паводле палітыка, адыгрывае беларуская дыяспара, якая пасля 2020 года стала менш схільная да асіміляцыі і актыўна перадае мову дзецям.

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні ўпэўнены, што будучая дэмакратычная Беларусь павінна паступова рухацца да адзінай дзяржаўнай беларускай мовы — праз аднаўленне роўнасці моваў, вяртанне беларускай у адукацыю, СМІ і дзяржаўныя сэрвісы, а пасля — праз юрыдычнае замацаванне яе статусу.

📎 Поўнае інтэрв’ю радыё «Рацыя» — тут:
👉 https://racyja.com/by/palityka/pavel-barkouski-velmi-sumna-sto-u-belarusi-dajsli-da-belaruskich-pjatnic/

@CabinetBelarus

Main carousel image