Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні заклікае беларусаў далучыцца да абмеркавання новага календара святаў
2026-01-28
У Варшаве адбылася прэзентацыя новага беларускага календара, падрыхтаванага Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Па словах ініцыятараў, гэта не проста пералік памятных дат, а спроба пераасэнсаваць сімвалічныя каардынаты беларускага жыцця і стварыць каляндар, які будзе фармавацца самім грамадствам.
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі падкрэсліў, што новая ініцыятыва павінна стаць гістарычным інструментам для самавызначэння беларусаў, а не чарговым спускам «зверху»:
«Пытанне ўвядзення новага календара — гэта пра сімвалічныя каардынаты нашага жыцця і свядомасці. Пра тое, хто і як нам навязвае гэту сетку — дзяржава зверху ці сама супольнасць гатовая рабіць гэта знізу».
Павел Баркоўскі адзначыў, што прапанаваны каляндар — адкрыты праект, які будзе развівацца разам з грамадствам:
«Мы гатовыя прыслухоўвацца да меркаванняў людзей, карэктаваць уключэнне ці выключэнне дат. Важна, каб у вызначэнні календара беларускага жыцця ўдзельнічала ўся супольнасць, асабліва інтэлектуалы і эксперты».
Падчас прэзентацыі адбылося абмеркаванне прапанаваных дат і канцэпцыі календара. Паводле Баркоўскага, асабліва каштоўнымі былі меркаванні вядомых беларусаў, якія выказалі і станоўчыя водгукі, і крытычныя заўвагі:
«Дыскусіі пра дэкаланізацыю і дэкамунізацыю нашай грамадскай думкі заўсёды плённыя. Мы ўдзячныя ўсім, хто ўжо далучыўся да абмеркавання».
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні заклікае ўсіх беларусаў спампоўваць каляндар і дасылаць свае прапановы, каб зрабіць праект максімальна прадстаўнічым і адпаведным нацыянальным інтарэсам:
«Давайце вызначаць свой беларускі час разам», — падкрэсліў Павел Баркоўскі.
Пісаць можна ў паведамленні Інстаграма Прадстаўніцтва, альбо на пошту revival@belaruscabinet.org.
@revivalbelarus



