Павел Латушка: Калі мы хочам захаваць нашу дзяржаву, незалежнасць, суверэнітэт, нам трэба сесці і дамовіцца
2026-01-22
«Я перакананы, гледзячы на эліты вакол Лукашэнкі, што яны хочуць, каб Беларусь захавала сваю дзяржаўнасць. Калі яны гэта хочуць, калі яны думаюць пра заўтрашні дзень, пра сваіх дзяцей, пра свае сем’і, пра сваю будучыню, то нам важна дамовіцца», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка ў інтэрв’ю Радыё Рацыя.
«Круглы стол — гэта стратэгічная канцэпцыя, прынятая Аб’яднаным Пераходным Кабінетам... Яна заключаецца на досведзе Польшчы, калі тагачасныя польскія ўлады, генерал Ярузельскі і іншыя пагадзіліся сесці за стол і размаўляць з апазіцыяй.
Гэта не быў аднадзённы працэс. Было некалькі зрываў, але ў выніку была закрытая перамоўная частка, пазней адкрытая частка, якая прывяла да часткова дэмакратычных выбараў і пазней да дэмакратычных зменаў у краіне.
Калі мы хочам захаваць нашу дзяржаву, незалежнасць, суверэнітэт, нам трэба сесці і дамовіцца па пытаннях незалежнасці. Другое, нам трэба сесці і дамовіцца па пытаннях спынення рэпрэсій і дэкрыміналізацыі грамадскага жыцця. Мы можам нават базавацца на дзеючай канстытуцыі, яна нам не падабаецца, яна не была прынята беларускім народам, але яна функцыянальна дзейная на тэрыторыі Беларусі. Калі гэта адбудзецца ў рамках дзеючай канстытуцыі, то гэта фактычна кантраляваны транзіт па дамоўленасці.
Лукашэнка падпісаў абсалютна фатальную дамову для яго самога і рызыкоўную для нас усіх аб гарантыях бяспекі з Расійскай Федэрацыяй. Там ёсць артыкул 5 — ён дае права расійскай арміі ўводзіць войскі на тэрыторыю Беларусі, калі ўнутры Беларусі адбудуцца пратэсты. Так вось, дзеля таго, каб пазбегнуць гэтага, мы павінны зрабіць гэта, на жаль, але ў рамках гэтай канстытуцыі. Гэта будзе тады канстытуцыйны транзіт улады і хаця б не будзе прамых падстаў для Расіі пачынаць інтэрвенцыю ў Беларусь.
Так, Лукашэнка сёння не хоча, калі не хоча, то няхай жыве пад еўрапейскімі санкцыямі. Амерыканцы могуць выкарыстоўваць свае санкцыі для вызвалення людзей, а еўрапейцы могуць выкарыстоўваць свае санкцыі для зменаў унутры Беларусі, каб прымусіць Лукашэнку размаўляць з грамадствам. Перадусім павінна быць дамоўленасць з беларускім грамадствам, а пазней ужо з Брусэлем».
Таксама Павел Латушка адзначыў важнасць Каардынацыйнай Рады і заклікаў усіх палітыкаў ісці на выбары ў КР.
«У нас у маі адбудуцца выбары ў Каардынацыйную Раду. Кожны палітык ідзе на выбары. Трэба ісці на выбары і даказваць. Кожны мае права пераканаць выбаршчыка. Неважна, хто будзе ў складзе Каардынацыйнай Рады наступнага склікання, важна захаваць інстытут».
Таксама Павел Латушка падчас гутаркі на Радыё Рацыя закрануў пытанні беларускай меншасці і беларускай дыяспары на Падляшшы, важны палітычны мэсадж прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага аб тым, што ён стаіць на баку дэмакратычнай Беларусі, эфектыўную падтрымку польскіх органаў у пытанні легалізацыі былых палітзняволеных, якіх дэпартавалі з Беларусі.
Цалкам паслухаць гутарку Паўла Латушкі на Радыё Рацыя:
https://racyja.com/by/palityka/pavel-latuska-ja-abrany-belarusami-clen-kaardynacyjnaj-rady/
@CabinetBelarus



