Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Баркоўскі пра забароненую кнігу пра БНР: «Яна не адпавядае ідэалогіі, зацверджанай Лукашэнкам»

2026-01-21

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі каментуе забарону ўладамі кнігі пра Беларускую народную рэспубліку:

«Што магло не спадабацца беларускім сілавікам у кнізе пра пачаткі беларускай дзяржаўнасці ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі? Зыходзячы з адказу «пракуратуры» - гэта не адпаведнасць часткі фрагментаў «асновам ідэалогіі беларускай дзяржавы», зацверджаных Лукашэнкам. Не сакрэт, што праўладнае разуменне гісторыі не дапускае існаванне БНР як рэальнага вытока сучаснай беларускай дзяржаўнасці, без якой бальшавікі ніколі б не пайшлі на стварэнне нават марыянеткавай беларускай сацыялістычнай рэспублікі.

Тое, што апошнюю давялося абвяшчаць двойчы і ўжо заднім чыслом пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, паказвае, што спачатку асаблівых планаў на падобную палітычную адзінку ў саветаў не было, гэта была змушаная рэакцыя на выклік, кінуты нацыянальна-дэмакратычным рухам беларусаў.

Разуменне таго, што нацыянальнае пытанне стаіць для шмат якіх народаў былой Расійскай імперыі вышэй за класавае, прымусіла бальшавікоў змяніць стратэгію нацыянальнай палітыкі і злучыць свае камуністычныя заклікі з патрабаваннем нацыянальных аўтаномій для раней паняволеных народаў.

Тым не меней, для лукашэнкаўскай улады менавіта прывязка да савецкага дзяржаўнага праекта выглядае пачаткам беларускай дзяржаўнасці. Нездарма большасць міністэрстваў і дзяржаўных служб Беларусі адзначаюць сваю гісторыю ад арганізацый, заснаваных ці, хутчэй, адроджаных пры бальшавіках.

Нацыянальна-арыентаваная павестка першай беларускай дзяржавы і яе кіраўніцтва цалкам не адпавядае таму фармату разумення ролі дзяржавы і яе стаўлення да нацыянальнай гісторыі і культуры, якое цяпер дэманструе лукашэнкаўская Беларусь. Гэта пагарда з беларускай мовы, выцясненне з навучальных праграм, слабая падтрымка нацыянальнай культуры і засілле расейшчыны, якое падтрымлівае мінкульт, адкрыта прарасійскае Z-мысленне вялікай часткі сілавікоў, якія задзейнічаныя ў рэпрэсіях супраць свайго грамадства.

Пры такім падыходзе відавочна, што кніга, якая распавядае пра сапраўдныя пачаткі беларускай дзяржаўнасці, не адпавядае ані густам, ані палітыцы сучасных нашчадкаў князя Мураўёва, які у свой час быў душыцелем паўстання Каліноўскага.

Тым не менш, верым, што для тысяч і мільёнаў беларусаў сапраўдным пачаткам беларускай дзяржаўнасці застаецца менавіта БНР і 25 сакавіка як дата абвяшчэння незалежнасці краю, а не выкручаная на ўсходні манер гісторыя «вечнай любові брацкіх народаў» і марыянеткавых дзяржаў, створаных на замову часу.

Таму застаецца толькі «падзякаваць» чыноўнікам за дадатковую рэкламу кнігі, якая вытрымлівае ўжо другое выданне і распавядае беларусам іх сапраўдную гісторыю».

@CabinetBelarus

Main carousel image