Павел Латушка абмеркаваў у Беластоку сумесныя праекты з беларускай меншасцю Польшчы
2026-01-17
Сумесныя праекты з прадстаўнікамі арганізацый беларускай меншасці Польшчы былі абмеркаваны падчас сустрэч намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі ў Беластоку з прадстаўнікамі беларускай меншасці і беларускай дыяспары Беласточчыны.
У Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку падчас сустрэчы з дырэктарам Цэнтра Анатолем Вапам і старшынёй Беларускага гістарычнага таварыства прафесарам Алегам Латышонкам былі разгледжаны сумесныя ініцыятывы Цэнтра, Музея Вольнай Беларусі і НАУ. Сярод іх:
– прэзентацыя выдання «Руіны Беларусі», прысвечанага архіўным фотаздымкам помнікаў гісторыі і культуры Беларусі;
– кніга пра беларусаў, пераселеных з Польшчы ў БССР у 1944–1948 гадах;
– прэзентацыя ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў»;
– мерапрыемствы да даты Грунвальдскай бітвы;
– выстава з фондаў Музея Вольнай Беларусі, прысвечаная палітвязням і рэпрэсіям у краіне.
Са старшынёй Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння з беларускай меншасцю Беласточчыны, а таксама падрыхтоўку да святкавання 70-гадовага юбілею «Нівы».
Беларускі саюз у Польшчы з’яўляецца заснавальнікам Радыё Рацыя і выдаўцам тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва».
Падчас сустрэч была падкрэслена важнасць аб'яднання намаганняў беларускай меншасці і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў арганізацыі сумесных культурных мерапрыемстваў. Гэта будзе спрыяць лепшаму ўзаемнаму пазнанню, супрацоўніцтву і большай увазе да беларускіх спраў ў Польшчы.
Таксама Павел Латушка наведаў рэдакцыю выдання «Most» і павіншаваў калектыў з чатырохгоддзем. Абмеркавана пытанне садзейнічання працы медыя ў Польшчы, якое інфармуе перш за ўсё беларускую дыяспару, а таксама жыхароў беларуска-польскага памежжа.
Акрамя таго, падчас візіту ў Беласток Павел Латушка даў інтэрв’ю Радыё Рацыя.






