У Варшаве Святлана Ціханоўская сустрэлася з вызваленымі палітвязнямі і валанцёрамі, якія ім дапамагаюць
2026-01-15
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская правяла 14 студзеня сустрэчу з валанцёрамі і прадстаўнікамі ініцыятыў, якія прымалі палітвязняў у Варшаве падчас снежаньскіх вызваленняў і цяпер апякуюцца імі ў Польшчы.
Святлана Ціханоўская падзякавала валанцёрам за іх працу і выслухала прапановы і праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Таксама абмеркавалі тэрміновыя запыты і магчымасці паляпшэння працэсаў дапамогі рэпрэсаваным.
Пасля гэтага Святлана Ціханоўская разам з намеснікам кіраўніцы АПК Паўлам Латушкам сустрэлася з палітвязнямі, якія былі вызваленыя ў снежні і дэпартаваныя з Беларусі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні легалізацыі, уладкавання жыцця ў Польшчы, магчымасці для наступных вызваленняў і праблемы бяспекі.
У сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 40 вызваленых палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаве.
«Я ў вялікім захапленні ад нашых беларусаў — ад валанцёраў, ініцыятыў і ад мужнасці вызваленых палітвязняў. Ніхто не скарыўся, не зламаўся. Людзі вераць у нашу справу і кожны робіць усё, што можа. Мы павінны берагчы і падтрымліваць адно аднаго. Салідарнасць — гэта наша зброя, якая нас узмацняе і не дае нашай справе, нашаму руху згаснуць. Я проста хачу сказаць кожнаму і кожнай вялікі дзякуй», — сказала Святлана Ціханоўская.
Перад сустрэчай з палітвязнямі Святлана Ціханоўская таксама наведала выставу, якая адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, — «Кропка ўваходу — 123», прысвечаную «турэмнаму скарбу» 123 дэпартаваных палітвязняў. Выстава афіцыйна адкрыецца праз некалькі дзён.
@CabinetBelarus







