АПКБ узнагародзіў медалямі 9 выбітных асоб
2026-01-10
Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі прыняў рашэнне пра новае ўзнагароджванне медалямі «За плённую працу на карысць Беларусі», «Няскораных» (Ларысы Геніюш) і Крыжом Дабрасуседства.
Лаўрэаты намінаваліся грамадскімі арганізацыямі і актывістамі і былі ўхваленыя Камісіяй па ўзнагародах пры АПКБ. Адпаведная пастанова падпісаная 7 студзеня кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай.
Кабінет пастанавіў:
1. Узнагародзіць медалём «За плённую працу на карысць Беларусі»:
✨ Яраслава Чарнагора – украінскага даследчыка і аналітыка, аднаго з арганізатараў беларуска-украінскага форуму імя К. Астрожскага ў 2022-25 гг.
✨ Русціса Камунтавічуса – літоўскага гісторыка, сузаснавальніка Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі.
✨ Інга Пэтца – нямецкага журналіста і пісьменніка, які спецыялізуецца на беларускай культуры, кіраўніка рэдакцыі па Беларусі анлайн-партала dekoder.org.
✨ Мікіту Мелказёрава – беларускага журналіста, блогера, інтэрв’юера.
2. Узнагародзіць медалём «Няскораных» (Ларысы Геніюш) за асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі:
✨ Наталлю Дуліну – беларускую лінгвістку, перакладчыцу з італьянскай мовы.
✨ Уладзіміра Лабковіча – беларускага праваабаронцу, юрыста праваабарончага цэнтра “Вясна”, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
✨Ігара Лосіка – беларускага блогера.
3. Узнагародзіць Крыжом Дабрасуседства за развіццё публічнай дыпламатыі і пашырэнне дыялогу паміж беларускім і іншымі народамі наступных грамадзян:
✨ Леха Валенсу – польскага дзяржаўнага дзеяча і прафсаюзнага актывіста.
✨ Вітаўтаса Ландсбергіса – літоўскага палітыка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча.
Таксама дзве асобы будуць узнагароджаныя непублічна.
@CabinetBelarus





