Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Даследаванне жыцця беларусаў у Польшчы ў фокусе ўвагі АПК

2026-01-10

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка 9 студзеня правёў сустрэчу ў Нацыянальным банку Польшчы з намеснікамі дырэктара Дэпартамента статыстыкі Яцэкам Кацэркам і Гжэгажам Дабрачэкам.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі Дэпартамента статыстыкі прадставілі даклад «Жыццё і эканамічная сітуацыя мігрантаў з Беларусі ў Польшчы», заснаваны на даных апытання, праведзенага Нацбанкам Польшчы ў 2025 годзе.

Прадстаўнікі Нацбанка Польшчы адзначылі, што даследаванне паказала: беларускія мігранты ў Польшчы ў сярэднім з’яўляюцца адной з самых адукаваных і прадпрымальных груп замежнікаў, другой па колькасці (не менш за 146 тысяч) пасля ўкраінцаў. Каля 62% рэспандэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, 14% займаюцца прадпрымальніцтвам. Большасць беларусаў (56%) эмігравалі праз незадавальняючую палітычную сітуацыю ў Беларусі і з-за страху рэпрэсій.

Павел Латушка падзякаваў Дэпартаменту статыстыкі за прадстаўлены для грамадскага агляду даклад, а таксама звярнуўся з прапановамі па дадатковых пытаннях у планаваны Нацбанкам Польшчы на 2026 год новы этап даследавання жыцця беларусаў у Польшчы.

Акрамя таго, Павел Латушка перадаў прадстаўнікам Нацбанка апісанне праблем з адкрыццём і блакіроўкай рахункаў беларусаў у камерцыйных банках Польшчы і прапановы па вырашэнні гэтай сітуацыі. Сярод адзначаных пытанняў было тое, што беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі Рэспублікі Беларусь, а таксама ўладальнікі статусу міжнароднай абароны або асобы, якія чакаюць гэтага статусу, працягваюць сутыкацца з праблемамі адкрыцця рахункаў, а таксама пагрозамі іх блакіроўкі.

Да таго ж, у сувязі з няпэўнай трактоўкай апошняга пакета санкцый ЕС значная колькасць грамадзян сутыкнулася з пагрозай блакіроўкі банкаўскіх мабільных прыкладанняў. Падчас сустрэчы Павел Латушка адзначыў, што любы беларус і беларуска, якія на законных падставах знаходзяцца ў Польшчы: чакаюць легалізацыі, вядуць бізнес (праз кампанію або індывідуальную гаспадарчую дзейнасць), працуюць па найме (маюць працоўны дагавор і дагавор даручэння), вучацца — усе гэтыя катэгорыі павінны мець права на банкаўскі рахунак і мабільнае прыкладанне да яго, незалежна ад наяўнасці актуальнага віду на жыхарства ў Польшчы, у тым ліку, гэта вынікае і із артыкула 108 закона Польшчы аб іншаземцах.

Прадстаўнікі польскага боку паабяцалі ініцыяваць разгляд гэтых пытанняў на найбліжэйшым пасяджэнні Камісіі фінансавага нагляду Польшчы, у кіраўніцтва якой уваходзіць прадстаўнік Нацыянальнага банка Польшчы.

У публікацыіі выкарыстана фота інтэрнет-рэсурса mapy.com

@CabinetBelarus

Main carousel image