Аліса Рыжычэнка: Немэтазгодна інвеставаць золатавалютныя рэзервы ў запуск яшчэ аднаго цэлюлознага камбінату
2026-01-07
Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка патлумачыла ў каментары «Белсату», з чым звязаны рост золатавалютных рэзерваў Беларусі і ці можна гэтыя сродкі кудысьці інвеставаць.
Паводле прадстаўніцы АПК, ацэначны кошт золатавалютных рэзерваў залежыць у тым ліку ад цэнаў на золата. А яно за апошні год вельмі моцна падаражэла – паводле розных падлікаў, на 67,5–68,7 %. Другі вялікі складнік – рэзервы ў замежнай валюце. Яны за год выраслі з 3,0524 млрд да 5,5407 млрд долараў, на 81,52 %.
Магчымае інвеставанне гэтых сродкаў палітык ацэньвае крытычна: зоталавалютныя рэзервы на заканадаўчым узроўні замацаваныя як рэсурсы для аплаты даўгоў і як інструмент падтрымання курсу нацыянальнай валюты.
Акрамя таго, Аліса Рыжычэнка скептычна ацэньвае самі «інвестыцыйныя праекты», важныя для рэжыму. Яна згадвае агучаныя планы на пяцігодку: там запуск яшчэ аднаго цэлюлознага камбінату, выпуск трактароў высокай магутнасці.
Паводле эканамісткі, «гэта не мае абсалютна ніякай эканамічнай эфектыўнасці, гэта не мае пад сабой ніякага эканамічнага абгрунтавання», «і абсалютна немэтазгодна інвеставаць у падобныя праекты золатавалютныя рэзервы».«Калі б у беларускіх чыноўнікаў былі ідэі і інструменты рэалізацыі гэтых ідэяў, як зрабіць беларускую эканоміку больш эфектыўнай, не правёўшы структурных рэформаў, якія яны дагэтуль адтэрміноўваюць і адмаўляюцца іх праводзіць, то яны гэта даўным-даўно зрабілі б і знайшлі б на гэта сродкі. І золатавалютныя рэзервы для гэтага выкарыстоўваць не трэба было б», – перакананая Рыжычэнка.
@CabinetBelarus



