Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Прыйдзіце ж, і будзем разважаць»

2026-01-06

Дарагія беларусы і беларускі, усе, хто сёння святкуе праваслаўнае Раство, шчыра віншую вас з гэтым светлым святам.

Раство прыходзіць у нашы дамы з цеплынёй і асаблівым пачуццём надзеі. Яно нагадвае нам пра сілу любові, пра важнасць быць побач з блізкімі і пра адказнасць за адзін аднаго — нават у часы цяжкіх выпрабаванняў.

Сёння многія беларускія сем’і сустракаюць Раство ў разлуцы — праз межы, турмы і вымушаную эміграцыю. З-за створанай рэжымам атмасферы страху і тэрору мінімум 600 тысяч беларусаў вымушаны сустракаць свята ў сотнях і тысячах кіламетраў ад сваіх сямей. За мінулы год як мінімум 1 254 чалавекі былі асуджаны па палітычна матываваных абвінавачваннях. На сёння як мінімум 1 131 палітзняволены застаецца за кратамі рэжыму. За гэтымі страшнымі лічбамі — лёсы людзей, лёсы цэлых сем’яў.

Для нас важна рабіць усё магчымае і немагчымае, каб кожны беларус мог сустрэць Раство разам са сваімі роднымі. Каб маглі бачыць адзін аднаго не праз экран тэлефона, а асабіста. Каб была магчымасць абняць сваіх блізкіх. Каб на святах у беларускіх дамах не было пустых крэслаў і пачуцця разлукі. Каб Раство зноў стала часам сямейнага цяпла і спакою.

Не менш балюча бачыць, як у нашай краіне працягваюцца ганенні на святароў і вернікаў, як караюць тых, чый голас пакліканы несці мір і маральную апору. У такі дзень асабліва важна сказаць: вера не павінна быць аб’ектам пераследу.

У светлыя дні Раства асабліва востра адчуваецца, наколькі важныя для будучыні нашай краіны ўзаемная павага і здольнасць чуць адно аднаго. У Бібліі гучаць словы: «Прыйдзіце ж, і будзем разважаць», — заклік не да спрэчкі, а да супольнага пошуку праўды і міру.

Сёння Беларусь як ніколі мае патрэбу ў шчырым нацыянальным дыялогу, у размове, дзе розныя погляды не раз’ядноўваюць, а становяцца падмуркам для разумення і прымірэння. Няхай святло Раства напомніць нам: мір пачынаецца з гатоўнасці слухаць, разважаць і гаварыць з адказнасцю і надзеяй.

Раство — гэта пра надзею, якая дае сілы дзейнічаць. Мы будзем і далей змагацца за вольную Беларусь — краіну, у якой паважаюць чалавечую годнасць, свабоду сумлення і права кожнага жыць без страху. Краіну, у якой кожная беларуская сям’я зможа разам, на сваёй Радзіме, святкаваць гэта светлае сямейнае свята.

Ад усяго сэрца жадаю вам любові, унутранай моцы і веры ў будучыню. Няхай святло Раства сагравае вашы дамы і сэрцы, а надзея вядзе наперад — да жыцця ў свабоднай, мірнай і годнай Беларусі.

Са светлым святам Раства Хрыстова.

Main carousel image