У надыходзячым 2026 годзе трэшчыны пераўтворацца ў расколы?
2025-12-31
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся да беларусаў з нагоды Новага года.
«Праводзіць стары год і сустрэць новы — гэта традыцыя, якая аб’ядноўвае нас усіх, дзе б мы ні знаходзіліся. У гэтую ноч мы ўсе на імгненне заміраем. І гэта ідэальны момант, каб шчыра, без лозунгаў і пафасу, адказаць самім сабе на адно пытанне: дзе мы цяпер і куды мы ідзём як нацыя?
Глядзець відэа
Давайце прызнаем: мы пражылі яшчэ адзін год у рэжыме знясільваючага чакання. Мы звыкліся да таго, што паміж намі — унутры сем’яў, унутры старых сяброўскіх кампаній, па ўсёй нашай краіне — выраслі сцены, якія здаюцца непераадольнымі.
Але ў апошнія тыдні снежня ў гэтых сценах з’явіліся першыя трэшчыны.
Мы бачылі, як з турмаў выходзяць нашы сябры, знаёмыя, проста беларусы і беларускі — тыя, хто гадамі не бачыў неба без кратаў. Людзі, якія былі асуджаныя несправядліва, але якія за гэтыя гады не зламаліся, не азлобіліся і захавалі веру ў тое, што лепшая будучыня для Беларусі магчымая.
Мы ўбачылі, што паказная непрымірымасць рэжыму можа змяняцца на саступкі, на канкрэтныя, адчувальныя крокі.
Выхад з тупіка ёсць. Калі хацець з яго выйсці.
Прыйшоў час прызнаць відавочную рэч: мы ўсе плывём у адной лодцы, якая даўно дала цечу. І вада ў гэтай лодцы прыбывае для ўсіх аднолькава. І сёння я хачу звярнуцца не толькі да тых, хто падзяляе нашы каштоўнасці, але і да тых, хто сёння знаходзіцца па другі бок гэтай нябачнай рысы. Я звяртаюся да людзей, якія працуюць у міністэрствах, у выканкамах, да тых, хто носіць пагоны і працуе на дзейную функцыянальную ўладу.
Мы ведаем, што ў глыбіні душы вы адчуваеце тое ж самае, што і мы. Вы бачыце, як суверэнітэт нашай краіны становіцца ўсё больш крохкім, як мы губляем права самі вырашаць свой лёс.
І я ведаю, што вы таксама хочаце бяспекі, якая гарантаваная Законам. Каб вы маглі сумленна выконваць сваю працу і ведаць: заўтра да вас не прыйдуць толькі таму, што змянілася чыясьці асабістая воля, чыйсьці настрой ці палітычная кан’юнктура.
Мы прапануем не барацьбу да апошняга пераможцы, у якой прайграе ўся краіна. Мы прапануем сесці за Круглы Стол. Гэта не пляцоўка для капітуляцыі, гэта пляцоўка для адказнасці. Адказнасці за тое, каб спыніць падзенне Беларусі ў бездань.
Наш план — гэта шлях спакойнай і кіраванай трансфармацыі. Мы прапануем рэальныя, паслядоўныя крокі па аднаўленні справядлівасці ўнутры краіны. І ў адказ на гэтыя крокі мы даможамся зняцця ўсіх тых абмежаванняў, якія сёння душаць нашу эканоміку.
У надыходзячым 2026 годзе нам усім — і нам, і тым, хто сёння прадстаўляе функцыянальную ўладу — спатрэбіцца рэдкая і вельмі цяжкая мужнасць. Гэта не тая мужнасць, якая патрэбная, каб націснуць на курок або аддаць загад пра разгон мірнай акцыі пратэсту. Гэта мужнасць, якая неабходная для Дыялогу.
Жадаю кожнаму з вас у новым годзе аднаго — прадказальнасці. Каб вы маглі планаваць сваё жыццё, не баючыся заўтрашняга дня. Каб у вашых сем’ях запанаваў доўгачаканы спакой, а ў сэрцах з’явілася цвёрдая ўпэўненасць: самае цяжкае мы ўжо прайшлі. Мы выстаялі.
З надыходзячым Новым годам, дарагія беларусы і беларускі! Беражыце адзін аднаго. Шануйце нашу Беларусь. І давайце сядзем разам за святочны стол».
Падрабязней на відэа.
@CabinetBelarus



