Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вадзім Кабанчук: Рэгіянальная бяспека застаецца ключавым фактарам у палітыцы і дзейнасці прадстаўніцтва АПК па абароне

2025-12-31

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук падвёў вынікі 2025 года і распавёў пра планы прадстаўніцтва на 2026 год:

«У 2025 рэгіянальная бяспека зазнала істотнае напружанне ў сувязі з працягам і пашырэннем маштабаў вайны ва Украіне, паглыбленнем ваеннага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй і актыўнай мі­літарызацыяй тэрыторыі Беларусі. У канцы года Беларусь афіцыйна размясціла на сваёй тэрыторыі расійскія балiстычныя гіпергукавыя ракетныя сістэмы, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі, што выклікала занепакоенасць краін NATO і суседніх дзяржаваў», — адзначыў Вадзім Кабанчук.
На фоне гэтай сітуацыі, паводле яго, «рэгіянальная бяспека застаецца ключавым фактарам у палітыцы і дзейнасці прадстаўніцтва АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы».

Галоўнымі кірункамі прадстаўніцтва ў 2025 годзе палітык лічыць: «аналіз і фарміраванне палітычных прапаноў па пытаннях абароны Беларусі і падтрымцы яе суверэнітэту, каардынацыю інфармацыйнай барацьбы супраць прарасійскай мі­літарызацыі, узаемадзеянне з міжнароднымі партнёрамі».

Вадзім Кабанчук асобна адзначыў «інфармацыйную і лагістычную падтрымку беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне», у межах якой з ініцыятывы прадстаўніцтва АПК «прыняў пастанову па ўключэнні дабраахвотнікаў да статусу ўдзельнікаў баявых дзеянняў», «што ў будучыні, пры дэмакратычных трансфармацыях, надае гарантыі ўсебаковай падтрымкі для дабраахвотнікаў і іхных сем'яў».

Асноўнымі вынікамі 2025 для АПК ў кантэксце бяспекі палітык называе:

🔺Умацаванне міжнароднай падтрымкі і фармальнае прызнанне дэмакратычнага ўрада ў выгнанні як ключавога гульца ў будучым палітычным транзіце.

🔺Удзел у міжнародных дыялогах па бяспецы і перспектывах Беларусі ў еўрапейскай архітэктуры бяспекі.

Стратэгічнымі выклікамі:

🔻Узмацненне ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для прамой агрэсіі паўплывалі на бяспеку рэгіёну.

🔻 Дэ-факта адсутнасць уплыву АПК на сітуацыю ўнутры Беларусі і працяг рэпрэсій рэжыму супраць беларускага народа.

Задачы прадстаўніцтва на 2026

У 2026 годзе прадстаўніцтва працягне задачы 2025 года і будзе ствараць сеткі па каардынацыі, інфармацыйнай падтрымцы і ўзаемадзеяння з беларускімі добраахвотніцкімі аб’яднаннямі, падтрымліваць адукацыйныя і трэніровачныя праграмы ў замежжы, якія павышаюць узровень падрыхтоўкі беларускіх грамадзян у пытаннях абароны, права і бяспекі.

@CabinetBelarus

Main carousel image