Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Шаноўныя суайчыннікі! Віншуем усіх з Нараджэннем Хрыстовым! З Калядамі!

2025-12-24

Адпаведна біблейскай гісторыі, нараджэнне Збаўцы адбылося ў адзін з самых цёмных перыядаў гісторыі, калі панаваў культ сілы, падмацаваны зброяй рымскіх легіёнаў, калі падаўлялася ўсё нацыянальнае, усякая думка, адрозная ад ідэалогіі захопнікаў.

Нараджэнне Збаўцы было сапраўдным цудам, і паказала людзям, што Бог заўсёды на баку слабых і прыгнечаных, выгнаных са сваёй зямлі і кінутых у вязніцы за прагу да праўды, на баку тых, хто змагаецца за свабоду і незалежнасць, за права быць гаспадаром ва ўласнай хаце, за права «людзьмі звацца», за права размаўляць на сваёй мове і развіваць уласную культуру, трымаца сваёй ідэнтычнасці.

Ва ўсе вякі людзей добрай волі яднала салідарнасць, імкненне падрымліваць адзін аднаго пасярод выпрабаванняў і бедаў. Гэта і ёсць тая самая любоў да бліжняга, адна з важнейшых хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў. Гэта і ёсць той ЦУД, які беларусы разам з мноствам людзей святла ў іншых краінах стваралі і ствараюць адно для аднаго і для ўсіх, хто мае ў тым патрэбу.

Мы працягваем змагацца за права беларускага народа рэалізаваць зроблены ў 2020 годзе адназначны выбар ў бок дэмакратыі і адзінства з сям'ёй народаў Еўропы!

Падчас святочнай вячэры ўспомнім тых, хто змагаецца супраць расійскай агрэсіі; успомнім палітвязняў, якія перажываюць ціск і катаванні за свае перакананні; успомнім валанцёраў, якія бескарысна ахвяруюць свой час і сродкі, дапамагаючы ваярам і палітвязням; успомнім усіх актывістаў, хто не скарыўся і працягвае выходзіць на акцыі пратэсту супраць дыктатуры.

Успомнім і тых, каго мы страцілі за гэты час: іх імёны і спадчына не павінны быць забыты! Успомнім сем’і, якія чакаюць сваіх блізкіх дамоў, а некаторыя, на вялікі жаль, не дачакаюцца. Іх боль — гэта наш боль.

Але ўсе мы, беларускія людзі, мы — як адна сям’я. За прагу свабоды і незалежнасці мы плацім вялізную цану ахвяр і выгнання.

І мы з вамі — вартыя цудаў і радасці, чаго ўсім і зычым у гэтыя святы!

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

@CabinetBelarusi

Main carousel image