Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Сёння на афіцыйным партале Урада Польшчы пачаў працаваць беларускамоўны раздзел

2025-12-22

22 снежня 2025 года пачаў функцыянаваць афіцыйны ўрадавы сэрвіс на беларускай мове для грамадзян Беларусі, якія жывуць у Польшчы.

https://www.gov.pl/web/by

Падчас сустрэчы ў Канцылярыі Прэм’ер-міністра Польшчы намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка ініцыяваў пытанне неабходнасці стварэння сэрвісу для грамадзян Беларусі на беларускай мове на афіцыйным сайце Урада Польшчы. Па выніках сумеснай гадавой працы быў створаны сэрвіс, які пачынае працу ад сённяшняга дня. Ён накіраваны на тое, каб прадстаўляць максімальна шырокую інфармацыю па пытаннях легалізацыі для беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь і знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы

Падчас сустрэч Паўла Латушкі ў Канцылярыі Прэм’ер-міністра Польшчы таксама былі ўзгоднены найбольш важныя для беларусаў, якія жывуць у Польшчы, пытанні, на падставе якіх і быў распрацаваны гэты сэрвіс.

Паводле дамоўленасці з Урадавым інфармацыйным цэнтрам Польшчы плануецца пастаяннае абнаўленне карыснай для беларусаў інфармацыі, якое будзе адбывацца штоквартальна.

Увесь апублікаваны змест мае афіцыйны характар і падрыхтаваны на падставе дзейных прававых нормаў, а таксама інфармацыі, прадастаўленай больш чым дзесяццю міністэрствамі і ведамствамі Польшчы.

Пытанні, якія адлюстраваны на інфармацыйным партале для грамадзян Беларусі ў Польшчы:

♦️ прысваенне нумара PESEL і рэгістрацыя;
♦️ асновы легальнага знаходжання ў Польшчы;
♦️ пенсія і пацвярджэнне працоўнага стажу;
♦️ сямейныя выплаты для грамадзян Беларусі, якія жывуць у Польшчы;
♦️ дапамога і рэгістрацыя ва ўпраўленні працы;
♦️ працэдура адкрыцця банкаўскага рахунку грамадзянамі Беларусі ў Польшчы;
♦️ гаспадарчая дзейнасць грамадзян Беларусі ў Польшчы;
♦️ абмен беларускага пасведчання кіроўцы на польскае;
♦️ часта задаваныя пытанні;
♦️ карысныя кантакты.

«Адна з важных задач Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады — максімальна аказваць садзейнічанне беларусам у вырашэнні праблемных пытанняў, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой. Хацеў бы выказаць вялікую ўдзячнасць Канцылярыі Прэм’ер-міністра Польшчы і Урадаваму інфармацыйнаму цэнтру за гатоўнасць аказваць садзейнічанне беларусам і за падрыхтоўку сэрвісу для грамадзян Беларусі на беларускай мове. Гэта важны крок у кірунку падтрымкі беларусаў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Звяртаюся да беларусаў: калі ў вас ёсць тэмы, важныя для асвятлення на гэтым інфармацыйным сэрвісе, калі ласка, паведамляйце пра іх у Аб’яднаны Пераходны Кабінет», — адзначыў Павел Латушка.



@CabinetBelarus

Main carousel image