Аліса Рыжычэнка: Будучыня Беларусі — у эканоміцы ведаў на базе чалавечага капіталу і тэхналогій
2025-12-20
Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка ў сваім відэазвароце падкрэсліла, што ў Беларусі няма значных прыродных рэсурсаў, але ёсць магутны патэнцыял для росквіту — адукаваныя і таленавітыя людзі, а таксама здольнасць хутка адаптаваць перадавыя тэхналогіі.
Паводле слоў Алісы Рыжычэнкі, менавіта спалучэнне чалавечага капіталу і тэхналагічнага прарыву стала асновай поспеху для такіх краін, як Эстонія, Ірландыя, Ізраіль і Сінгапур. Гэта павінна лясці ў фундамент эканамічнага развіцця дэмакратычнай Беларусі.
Прадстаўніца па эканоміцы адзначыла трывожныя тэндэнцыі: сістэма адукацыі дэградуе, навука на мяжы калапсу, а тэхналагічнае адставанне толькі нарастае. Адзіны шанец на радыкальныя змены — дэмакратычны пераход, які адкрывае магчымасць трансфармацыі па трох паралельных напрамках:
Адукацыя сусветнага ўзроўню: Павелічэнне фінансавання да 7% ВУП, радыкальнае павышэнне заробкаў педагогам і поўная мадэрнізацыя ўсіх вучэбных праграм.
Навука і інавацыі: Інтэграцыя даследаванняў з універсітэтамі і бізнесам праз стварэнне даследчых цэнтраў і офісам трансферу тэхналогій. Выдаткі на НДДКР — да 3% ВУП.
Тэхналагічнае развіццё: Поўная лічбавізацыя эканомікі, рост IT-сектара да 15% долі ВУП і стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей.
Толькі такая мадэль дазволіць адысці ад састарэлай машыннай вытворчасці да эканомікі ведаў з высокай дабаўленай вартасцю.«Менавіта так Беларусь зможа вырвацца са стагнацыі і пабудаваць эканоміку будучыні», — заключыла Аліса Рыжычэнка.
Гэты відэазварот перагукваецца з нядаўна прэзентаванай стратэгіяй эканамічнага развіцця дэмакратычнай Беларусі да 2035 года, дзе акцэнт зроблены на пераходзе да інавацыйнай мадэлі росту.
@CabinetBelarus



