Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Як ў Вільні сустракалі групу былых вязняў

2025-12-18

У сталіцу Літвы прыехала група з 20 былых вязняў, якія былі вызвалены 13 снежня ў Беларусі. У тым ліку Павел Севярынец і Уладзь Лабковіч.

Яны адолелі працяглы шлях з турмаў і калоній у Беларусі ў Чарнігаўскую вобласць Украіны, затым у Варшаву і адразу ў Вільню. У Варшаве засталося 87 чалавек, двое — Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава — накіраваліся ў Германію.

У Вільні былых палітвязняў сустракалі родныя і сябры, валанцёры, журналісты, блогеры, дыпламаты, палітыкі, грамадскія дзеячы, святары, актывісты. Прыехаўшых вітала кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская разам з мужам Сяргеем Ціханоўскім.

Выказаць салідарнасць з вызваленымі прыйшлі прадстаўнікі і прадстаўніцы Кабінета Аліса Рыжычэнка, Уладзімір Астапенка, Вадзім Кабанчук, Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Юрый Губарэвіч, кіраўнік апарата Кабінета Валерый Мацкевіч, дарадцы Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, Дзяніс Кучынскі, Аляксандар Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, Павел Церашковіч. Асабіста павітаць вызваленых таксама прыехалі спецпасланніца МЗС Літвы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Аста Андрыяўскенэ і прадстаўнікі пасольства ЗША ў Літве, якія непасрэдна займаліся вызваленнем палітвязняў.

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская каардынавала працу па арганізацыі прыёма былых вязняў у Польшчы і Літве і сустракала іх на месцы, у каардынацыйным штабе ў Вільні.

На усім шляху з Украіны да Вільні вызваленых беларусаў і беларусак суправаджала кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна.

Святлана Шаціліна адзначыла:

«Стомлена, але я вельмі рада, што прывезла беларусаў. Вельмі ўдзячна ўкраінскаму боку, мы прымалі хуткія і часам нестандартныя рашэнні. Дзякую літоўскім ўладам, дзякую польскім уладам. На мой пагляд, гэта быў канвой годнасці і перамогі. І высілкі пана Трампа патрэбныя, таму што 123 чалавекі сталі вольнымі. Дзякую прэзідэнту Злучаных Штатаў!»

Як адзначыла ў сваю чаргу Вольга Зазулінская, наступны этап — забеспячэнне вызваленых дакументамі, неабходнымі для легалізацыі іх знаходжання ў ЕС.

«Яшчэ раз дзякую ўсім-усім: і ўрадам, і палітыкам, і арганізацыям дапамогі, і шматлікім валанцёрам, і прадстаўнікам СМІ, і ўсім беларусам, якія выражалі салідарнасць і словамі, і канкрэтнымі справамі. Разам мы змаглі вызваленых годна прыняць, перавезці ў бяспечныя месцы, забяспечыць неабходным. Салідарнасць — вялізная сіла!»

@CabinetBelarus

Main carousel image