Павел Латушка абмеркаваў пытанні легалізацыі для вызваленых беларусаў у Польшчы
2025-12-18
Сёння раніцай намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу ва Упраўленні па справах замежнікаў Польшчы з дырэктарам Бюро кіраўніка Упраўлення Анджэем Карпякам, а таксама з кіраўнікамі чатырох дэпартаментаў, якія займаюцца легалізацыяй замежнікаў. У сустрэчы прынялі ўдзел кіраўнік прававой камісіі Каардынацыйнай Рады, юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк і юрыстка Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская.
Падчас сустрэчы быў абмеркаваны алгарытм далейшых крокаў па легалізацыі вызваленых беларускіх палітзняволеных, якія застануцца ў Польшчы.«Першая наша задача — гэта па ўзгадненні з галоўным камендантам пагранічнай стражы Польшчы (і адпаведны ліст быў накіраваны на яго адрас) — акрэсліць дні і час падачы дакументаў на міжнародную абарону вызваленымі беларусамі, якія прынялі рашэнне застацца ў Польшчы.
Другую просьбу, якую мы перадалі польскаму боку — па магчымасці разглядаць звароты на міжнарожную абарону ад былых палітзняволеных у як мага магчымыя кароткія тэрміны», — адзначыў Павел Латушка.
Падчас сустрэчы бакі дамовіліся падтрымліваць актыўную камунікацыю па гэтых пытаннях.
Павел Латушка выказаў просьбу да польскага боку прыняць да ўвагі асаблівую сітуацыю, звязаную з вызваленымі асобамі. У сувязі з тым, што некаторыя з іх не маюць дакументаў і неабходна як мага хутчэйшая легалізацыя і сацыялізацыя ў краіне іх знаходжання. Таксама былі абмеркаваны пытанні працэдуры атрымання сацыяльнай дапамогі з боку польскіх уладаў для вызваленых палітзняволеных.
@CabinetBelarus



