Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Група вызваленых беларускіх палітвязняў прыбыла ў Вільнюс

2025-12-18

З Украіны ў Вільнюс прыбыла 20 беларусаў і беларусак, якія 13 снежня былі вызваленыя і прымусова вывезеныя за межы Беларусі. Сярод іх — палітык Павел Севярынец і праваабаронца Уладзь Лабковіч.

У Вільнюсе вызваленых сустрэлі родныя, валанцёры, актывісты і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. 

Святлана Ціханоўская прывітала вызваленых на свабодзе і падкрэсліла, што барацьба за тых, хто застаецца ў турмах, працягваецца:
«Вялікае шчасце бачыць на свабодзе людзей, якія прайшлі праз турмы, ціск і выгнанне. Кожнае такое вызваленне — гэта радасць і адначасова напамін пра тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі. Мы зробім усё магчымае, каб кожны палітвязень Беларусі выйшаў на свабоду. Наперадзе — доўгі шлях аднаўлення, адаптацыі і вяртання да нармальнага жыцця».

Праца па эвакуацыі, сустрэчы і падтрымцы вызваленых палітвязняў стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням шэрагу беларускіх і міжнародных ініцыятываў: дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця», BYSOL, Праваабарончага цэнтра «Вясна», ініцыятываў Ineedhelpby, Dissidentby, асацыяцыі «Да Волі», НАУ, «Дапамога», «Вольныя», Палка Каліноўскага, праекта «Хочу Жить», фонду Паўла Латушкі і многіх іншых у каардынацыі з Місіяй дэмакратычных сілаў ва Украіне, прадстаўнікамі Кабінета па сацыяльнай палітыцы і нацыянальнай бяспецы, Офісам Святланы Ціханоўскай. Значная дапамога працягвае аказвацца Літвой і Польшчай.

Дапамога вызваленым — ад медычнай і псіхалагічнай падтрымкі да афармлення дакументаў і часовай адаптацыі — працягваецца.

Main carousel image