Прадстаўнікі Кабінета звярнуліся да беларусаў з нагоды хуткага прыбыцця вызваленых палітвязняў у Варшаву
2025-12-17
«Шаноўныя беларусы і беларускі!
Мы ўсе з нецярпеннем чакаем прыбыцця ў Варшаву палітычных зняволеных, якія былі вызвалены 13 снежня.
Вызваленыя палітвязні прыбудуць у Варшаву ў Цэнтр Беларускай Салідарнасці па адрасе: Oleandrów 6, 00-636 Warszawa.
Дакладны час прыбыцця мы паведамім адразу пасля таго, як адбудзецца перасячэнне ўкраінска-польскай мяжы.
❗️Папярэдне прыбыццё ў Варшаву чакаецца ўначы ці нават раніцай наступнага дня.
Сачыце за навінамі ў тэлеграм-канале Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
Сёння мы сустракаем людзей, якія вяртаюцца да жыцця пасля гадоў турэмна-палітычнага пераследу. Яны прайшлі вельмі цяжкі шлях, перажылі знясіленне і траўматычны досвед, наступствы якога не знікаюць у дзень вызвалення.
Мы звяртаемся да беларусаў і беларусак, да журналістаў і да ўсёй грамадскасці з просьбай быць уважлівымі і асцярожнымі. Важна памятаць, што не для ўсіх сёння свята: побач застаюцца сем’і, чые родныя ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі.
Людзям, якія выходзяць на волю, патрэбны час на аднаўленне, прастора без ціску і павага да асабістых межаў. Кожны з іх мае права сам вызначаць, калі і як гаварыць пра перажытае.
Наша агульная адказнасць — сустракаць вызваленых з падтрымкай і чалавечай годнасцю».
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская.
@CabinetBelarus



