Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беспрэцэдэнтная гуманітарная аперацыя праведзена ў Польшчы

2025-12-16

«Калі сустракаюся з чыноўнікамі ў Польшчы і ў іншых краінах, асабліва падкрэсліваю і прашу браць пад увагу: мы, беларусы, не можам параўноўвацца са статусам іншаземцаў з іншых дзяржаў, бо ў нас асаблівая сітуацыя — функцыянальныя ўлады ў Беларусі адмовіліся ў выкананні дзяржаўных паслуг для грамадзян Беларусі», — адзначыў ва ўступным слове намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас экспертнага семінара «Польска-беларускі дыялог пра салідарнасць: гістарычныя традыцыі і сучасныя выклікі польскай міграцыйнай палітыкі».

Экспертны семінар прайшоў у Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі. Арганізатарам выступіла Народнае Антыкрызіснае Упраўленне ў супрацоўніцтве з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам і Каардынацыйнай Радай.

Удзел у семінары ўзялі Павел Латушка, прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, юрыст і старшыня прававой камісіі Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк, адвакат і дэлегат Каардынацыйнай Рады Алесь Міхалевіч, кіраўніца Цэнтр Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская, кіраўніца прававога дэпартамента REFORUM.HELP Алена Юркіна, прадстаўнік Цэнтра Мерашэўскага, а таксама прадстаўнікі іншых беларускіх і польскіх грамадскіх арганізацый.

«Хацеў бы адзначыць важнасць тэматыкі легалізацыі беларусаў у Польшчы, якія вымушана апынуліся па-за межамі Бацькаўшчыны, а фактычна былі дэпартаваны, бо праз створаную рэжымам Лукашэнкі атмасферу страху і тэрору сотні тысяч беларусаў былі вымушаны з'ехаць з краіны.

Мы будзем абабмяркоўваць пытанне легалізацыі беларусаў, якія знаходзяцца ў асабліва цяжкім становішчы. Бо з аднаго боку, яны пазбаўлены Радзімы, шмат хто з іх мае крымінальныя справы, падвяргаюцца экстэрытарыяльнаму пераследу, іх родныя і блізкія знаходзяцца пад прэсінгам спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі, а па-другое, што вельмі важна, функцыянальныя ўлады ў Беларусі адмовіліся ў выкананні дзяржаўных паслуг для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў эміграцыі, напрыклад, атрыманне новага пашпарта ці працяг дакумента, які страціў свой тэрмін, а таксама натарыяльнага акта.

Польшча з 90-х гадоў стала падмуркам і месцам для працы і вымушанай міграцыі для беларускіх палітычных лідараў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Але мы асабліва вылучаем 2020-2025 гады, калі Польшча арганізавала для беларусаў беспрэцэдэнтную гуманітарную аперацыю. Пасля падзеяў жніўня 2020 года пачалася найбуйнейшая міграцыя ў гісторыі Беларусі. Па дадзеных ААН на люты 2025 года каля 600 тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну. Па розных ацэнках, каля 300 тысяч беларусаў пражывае ў Польшчы.

Польшча стала не проста сховішчам, а яна стала фактычна падмуркам беларускай дэмакратыі. За што мы гаворым уладам Польшчы вялікі дзякуй. Дадзены семінар прысвечаны таму, каб абазначыць тыя праблемныя пытанні легалізаці, якія ўзніклі апошнім часам у беларусаў, і пастарацца выпрацаваць прапановы, якія мы маглі б перадаць нашым польскім партнёрам, каб вырашаць гэтыя праблемныя пытанні»
, — адзначыў Павел Латушка.


@CabinetBelarus

Main carousel image