Святлана Шаціліна і Вадзім Кабанчук сустрэліся з былымі вязнямі ва Украіне
2025-12-14
Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук і кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл ва Украіне Святлана Шаціліна 14 снежня сустрэліся з былымі палітычнымі вязнямі, дэпартаванымі рэжымам ва Украіну.
Сустрэчы праходзілі ў месцах непасрэднага знаходжання былых вязняў.«Мы асабіста пагаварылі з імі і паглядзелі на ўмовы, у якіх яны знаходзяцца. Там ёсць святло, цяпло, ежа — усё неабходнае. Ёсць магчымасць карыстацца мабільным тэлефонам, але з пэўнымі абмежаваннямі, звязанымі з ваенным становішчам ва Украіне. Умовамі былыя вязні задаволены. Напрыклад, да іх нават прыходзіў святар», — паведаміла Святлана Шаціліна.
Паводле Святланы Шацілінай, некалькі дзён усе былыя вязні будуць праходзіць працэдуры, «стандартныя ва Украіне для людзей у падобных сітуацыях. Напрыклад, такія праходзяць былыя ваеннапалонныя, што вяртаюцца з Расіі. У гэты ж час усім аказваецца неабходная і магчымая медычная дапамога».«Большасць ужо змаглі паразмаўляць са сваімі роднымі і блізкімі, большасць маюць дакументы. І за пару дзён будзе зразумела, як будзе адбывацца працэдура вызначэння краін далейшага іх знаходжання», — адзначыла кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл ва Украіне.
Па дамоўленасці з вязнямі фота- і відэаздымкі рабіць не сталі, бо многія апасаюцца за лёс сваіх блізкіх у Беларусі.«Мы мелі магчымасць паназіраць за прэс-канферэнцыяй Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Аляксандра Фядуты і Уладзіміра Лабковіча. Я не буду каментаваць змест іх выказванняў. Скажу толькі, што не трэба чакаць грунтоўных палітычных ці іншых заяў ад людзей, якія столькі часу былі пазбаўлены нармальнай інфармацыі і аб падзеях у Беларусі, і ва Украіне, і ва ўсім свеце, былі ў рэжыме інкамунікада. Яны толькі суткі як на волі, іх вывезлі ў іншую краіну, ім патрэбны час, каб проста вярнуцца да нармальнага жыцця, не кажучы ўжо пра палітыку ці грамадскую дзейнасць», — сказаў Вадзім Кабанчук.
Ён таксама падзяліўся ўражаннямі ад сустрэч і размоў з іншымі былымі вязнямі:«Фізічна, канечне, ёсць пэўная стомленасць, але ўсё гэта моцныя духам людзі, якія даволі ясна ацэньваюць сваю сітуацыю і абстаноўку. Сярод іх ёсць людзі, якіх я ведаю даўно. Быў рады іх павітаць на свабодзе. Моцна схуднелыя, але бадзёрыя, з вагнём у вачах».
@CabinetBelarus



